Наверх

Майстры–керамісты Мяцельскія

18.12.2009 нет комментариев 375 editor

Нядаўна мне пашчасціла сустрэцца з прадстаўнікамі старажытнейшай прафесіі ганчароў-керамістаў жыхарамі Дзяржынска Андрэем Уладзіміравічам Мяцельскім і з яго жонкай Кацярынай Уладзіміраўнай, ураджэнкай Баранавіч, нядаўняй выпускніцай Баранавіцкага дзяржаўнага універсітэта.

У Кацярыны не было ў радаводзе ганчароў – яна першая. Каця з дзяцінства ўмела добра маляваць, валодала музычнымі здольнасцямі, і таму бацькі Каці – Уладзімір Леанідавіч і Ніна Канстанцінаўна Рамашкі – параілі ёй паступіць у музычную школу, у якой Каця правучылася сем гадоў. А яе малюнкі і сёння ўпрыгожваюць пакоі бацькоўскага дома.

А захапілася яна глінай у час вучобы на факультэце дашкольнай адукацыі, дзе навучылася і кераміцы, і ткацтву, і саломапляценню. На факультэце быў створаны гурток керамікі, які вёў вядомы ў Баранавічах мастак Леанід Рыгоравіч Капуза, дзякуючы якому Каця і захапілася керамікай.

У адно са святаў «Баранавіцкая вясна» Кацярына, у той час студэнтка, паказвала свае творы на выставе народных умельцаў, а Андрэй, на той час ужо вопытны майстар-кераміст, – свае. І калі верыць мудрай народнай прымаўцы, што шлюбы адбываюцца на небе, дык гэта ў поўнай меры тычыцца Андрэя і Кацярыны: двое талентаў, апантаных любоўю да керамікі, сустрэліся на гэтай выставе, пазнаёміліся і пажаніліся.

Цяпер Кацярына вучыцца майстэрству ў свайго мужа, але за кароткі тэрмін паспела ўжо атрымаць за ўдзел у розных выставах граматы і дыпломы. Я пацікавіўся, як яна ставіцца да народнай прыказкі: «Ганчар гаршкі лепіць, а ў чарапку есці варыць»? На гэта Кацярына, смяючыся, адказала, што сапраўды так: мастацкія ганчарныя вырабы яна з мужам рыхтуе, галоўным чынам, на выставы, а посуд яны купляюць у краме.

У Андрэя, таксама як і ў Кацярыны, не было ў радаводзе ганчароў. Яшчэ ў раннім дзяцінстве ў Андрэя выявіўся талент маляваць, таму ён, паралельна з навучаннем у агульнаадукацыйнай школе, наведваў заняткі ў Дзяржынскай мастацкай школе. Любоў да лепкі, керамікі Андрэю прывіла вопытны педагог Наталля Ермаловіч. Менавіта дзякуючы ёй Андрэй «пасябраваў» з глінай. Грунтоўную цягу да гліны і працы з ёю Андрэй набыў у час вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва, дзе авалодаў тэхнікай вырабу керамікі, габеленаў, саломапляцення. У час вучобы адбылася і першая яго выстава керамікі.

Пасля заканчэння універсітэта Андрэй працаваў майстрам па ганчарству і выкладчыкам па кераміцы ў навучальных установах Мінска, затым скончыў Беларускі інстытут правазнаўства і атрымаў дыплом юрыста-міжнародніка. Захапляўся Андрэй і журналістыкай і не аднойчы друкаваўся ў перыядычным друку.

Андрэй Мяцелькі – адзін з нямногіх у сённяшняй Беларусі керамістаў, які выкарыстоўвае ў сваіх мастацкіх творах такія цяжка сумяшчальныя матэрыялы, як гліну і саломку. Дастаткова азнаёміцца з яго алегарычным керамічным вырабам «Жанчына-луна». Але, як ён адзначае, творчасць не ведае межаў. Яго мастацкі керамічны твор «Дрэва жыцця» сімвалізуе сувязь пакаленняў, зачароўваюць таксама і прыгожыя керамічныя музычныя інструменты-акарыны, і шматлікія баклагі, глякі… У сваёй працы Андрэй шырока карыстаецца вядомым яшчэ з ранняга жалезнага веку відам апрацоўкі гліняных вырабаў, як дымленне, а таксама васкаваннем, якія прыдаюць кераміцы прыгожы выгляд. Таленавіты мастак-кераміст – удзельнік шматлікіх міжнародных і айчынных выстаў, з’яўляецца членам Праўлення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Кераміка Андрэя дэманстравалася ў Францыі, Малдове, Літве, Расіі. Раней ён сам, а зараз з Кацярынай неаднаразова выстаўлялі сваю кераміку на «Славянскім базары» у Віцебску.

Сёлета пад Віцебскам, у Цэнтры народных рамёстваў, яны ўдзельнічалі ў пленэры ганчароў. На вольным паветры, сярод маляўнічай прыроды дзейнічалі печы па абпальванню керамікі, былі ўсталяваны ганчарныя кругі.

А зусім нядаўна, у кастрычніку, Мяцельскія былі ўдзельнікамі Дзён Мінскай вобласці ў Маскве, дзе была наладжана выстава-кірмаш майстроў народнай творчасці. Андрэй Мяцельскі за ганчарным кругам, у белай, аздобленнай беларускім арнаментам кашулі, дэманстраваў масквічам сваё майстэрства, а Кацярына размясцілася побач, за прылаўкам, з гатовымі ганчарнымі вырабамі. Масквічы з цікавасцю знаёміліся з іх вырабамі і хвалілі, што беларусы збераглі, не згубілі сваё традыцыйнае рамяство. Дарэчы, кашулю пашыў і ўпрыгожыў арнаментам Андрэй сам, і на ўсе выставы апранае яе, каб усім было адразу бачна, што ён прадстаўляе Беларусь. З усіх выстаў Мяцельскія вяртаюцца з дыпломамі і Ганаровымі граматамі, якіх у іх налічваецца ўжо больш за трыццаць. А зусім нядаўна, 7 снежня, Андрэй вярнуўся з Навасібірска. Там на V Міжнародным фестывалі сібірскай керамікі ён, адзіны прадстаўнік Беларусі, дэманстраваў удзельнікам фестывалю лепшыя свае і Каціны керамічныя вырабы. З Навасібірска Андрэй прывёз заслужаныя ўзнагароды – дыпломы, якімі былі ўзнагароджаны ён і Кацярына.

Сёння Кацярына Мяцельская займае пасаду дырэктара Дзяржынскага раённага Дома рамёстваў, а Андрэй працуе там жа майстрам-метадыстам па кераміцы. Абодва яны мараць аб тым дні, калі ў Доме рамёстваў запрацуюць цэхі майстроў-керамістаў, кавалёў, ткачоў, калі адчыняцца шапікі па продажу сувенірных вырабаў для шматлікіх замежных і айчынных турыстаў. Майстры-керамісты Мяцельскія крочаць побач, разам і ў жыцці і ў творчасці. І рады прыезду калег у госці, тым больш з Баранавіч, і шчыра дзеляцца таямніцамі старажытнага ганчарнага мастацтва.
 

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *