Наверх

Акадэмік вучыўся ў Сталовічах

20.04.2012 Комментариев нет 147 editor

– А-а-а, прывет землякам, – пазнаўшы па голасе, весела мовіў у адказ на прывітанне Сяргей Мікалаевіч. – Што новага ў школе? Як трымаюцца нашы ветэраны-педагогі? Якія поспехі ў вучняў?.. Так пачалася гутарка з Ганаровым вучнем Сталовіцкай школы, акадэмікам Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі С.М. Чаранкевічам. Сяргей Мікалаевіч даволі часты госць у школе, нягледзячы на сваю высокую загружанасць. Ён прысутнічае на ўсіх юбілейных школьных сустрэчах, расказвае цяперашнім вучням аб сваім шляху ў навуку. А расказаць яму ёсць што.

Закончыўшы ў 1959 годзе з сярэбраным медалём школу, ён паступіў у Белдзяржуніверсітэт, пасля заканчэння якога быў пакінуты там на выкладчыцкай рабоце. Хутка абараніў кандыдацкую, а затым і доктарскую дысертацыі, з 1991 года – прафесар, з 1980 і па цяперашні час – загадчык кафедры біяфізікі фізічнага факультэта БДУ.

Сяргей Мікалаевіч – гонар не толькі Сталовіцкай школы, але і ўсёй беларускай навукі. Ён вядомы вучоны ў галіне біяфізікі, клеткавай інжынерыі, клеткавай інфарматыкі, нейраінфарматыкі, медыцынскай біяфізікі і біяфізічнага прыборабудавання.

Наш зямляк зрабіў вялікі ўклад у фарміраванне навуковых напрамкаў і стварыў у БДУ навуковую школу ў галіне клеткавай і медыцынскай біяфізікі і клеткавых тэхналогій. Супрацоўнікі кафедры біяфізікі, якой загадвае Сяргей Мікалаевіч, сумесна з вучонымі інстытута фізіялогіі Акадэміі навук Беларусі і інстытута нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя Беларусі распрацавалі новыя метады лячэння. Сумеснымі намаганнямі былі створаны клеткавыя біярэактары і клеткавыя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца для вырошчвання ствалавых клетак чалавека. А ствалавыя клеткі выкарыстоўваюцца для атрымання новых органаў, у тым ліку і клетак галаўнога мозгу. Акадэмікам Чаранкевічам распрацаваны таксама новыя метады дыягностыкі анкалагічных і кардыялагічных захворванняў.

Вялікі ўклад Сяргея Мікалаевіча і ў падрыхтоўку навуковых кадраў. Пад яго кіраўніцтвам было падрыхтавана 29 кандыдатаў і доктар навук. Ім напісаны сотні публікацый, навуковых работ, манаграфій і навучальных дапаможнікаў. Атрымаў 28 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў, выязджаў для выканання сумесных навуковых даследаванняў, а таксама запрашаўся для чытання лекцый ва ўніверсітэты Германіі, Японіі, ЗША, Польшчы, Галандыі.

У 2000 годзе Сяргей Мікалаевіч стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (біялогія). Узнагароджаны знакамі «Изобретатель СССР» і «Выдатнік адукацыі».

Наш зямляк з’яўляецца су-старшынёй Беларускага грамадскага аб’яднання фотабіёлагаў і біяфізікаў, членам Прэзідыума навукова-метадычнага савета Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, рэдкалегіі трох часопісаў, шэрагу вучоных саветаў, старшынёй экспертнага савету «Хімія, біялогія і харчовая бяспека» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, членам двух саветаў па абароне доктарскіх і кандыдатскіх дысертацый. Улічваючы значны ўклад у навуку, Сяргей Мікалаевіч у пачатку сёлетняга года быў ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі».

Віншуючы нашага славутага земляка з 70-годдзем з дня нараджэння (юбілей быў учора), вучнёўскі і педагагічны калектывы школы жадаюць Сяргею Мікалаевічу моцнага здароўя, далейшых навуковых адкрыццяў, якія дазваляюць утрымліваць беларускую навуку на сусветным узроўні.

0

Также на нашем сайте

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *