Наверх

Эпапея баранавіцкай зямлі – у хроніцы «Памяць»

27.04.2012 Комментариев нет 138 editor

У год, аб’яўлены ў краіне Годам кнігі, нельга не ўспомніць гісторыка-дакументальную хроніку «Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён», якая, безумоўна, з’яўляецца самым запатрабаваным выданнем краю. Хроніка ўбачыла свет у 2000 годзе, і хаця яе стваральнікі ў звароце да чытачоў сціпла падкрэслівалі, што «нешта яшчэ засталося не даследаваным, нешта не знойдзеным, нешта не запісаным», тым не менш праца па адраджэнню гістарычнай памяці была зроблена вельмі вялікая. Каму мы павінны быць ўдзячны за гэта? Рашэнне аб тым, што такія кнігі трэба выдаць у кожным раёне рэспублікі, прыняў урад краіны. «Гэта быў дзяржаўны заказ», – успамінае складальнік баранавіцкай «Памяці» Міхась Бернат, які тады працаваў старшым навуковым супрацоўнікам аддзела культуры райвыканкама. Дзяржаўны заказ звычайна бывае на хлеб і малако, а тут – на кнігу… Але ідэя таго вартая. Скласці хроніку адзначала выканаць свой доўг не толькі перад продкамі, але і будучымі пакаленнямі.

Эпапея баранавіцкай зямлі ад каменнага веку да нашых дзён заняла 735 старонак тэксту і ілюстрацый. На збор і падрыхтоўку матэрыялаў пайшло тры гады. «Нас прыспешвалі, і мы працавалі днямі і начамі: ездзілі па вёсках, запісвалі ўспаміны лю-

дзей, вялі пошук у архівах, збіралі звесткі па крупіцах», – расказвае Міхась Бернат, на плечы якога ў асноўным і лягла падрыхтоўка выдання. Ён жа напісаў большасць артыкулаў – аб тапанімічным пахо-

джанні назваў вёсак, кампазітары Мацеі Радзівіле, актрысе Баранавіцкага абласнога драматычнага тэатра Надзеі Шкалярэнка, аб Мілавідскай паштовай станцыі, пасляваенным жыцці раёна, апошнім млыне і гэтак далей.

– Мы спадзяваліся на дапамогу вучоных з Акадэміі навук, – працягвае Міхась Бернат, – але яны не вельмі спяшаліся працаваць на безганарарнай аснове. Адгукнуліся навуковыя супрацоўнікі Інстытута этнаграфіі і фальклору Вольга Фадзеева і Марыя Віннікава, якія даследавалі народнае мастацтва і рамёствы краю. Ды доктар гістарычных навук з выдавецкага цэнтра БелТА Уладзімір Лемяшонак падкінуў нам крыху архіўных матэрыялаў. Стала зразумела, што мы павінны разлічваць у першую чаргу на свае сілы, на мясцовых краяведаў.

Значную лепту ў агульную справу ўнёс Станіслаў Шчарбакоў, які працаваў дырэктарам гарадского краязнаўчага музея. А для метадыста па краязнаўству цэнтра дзіцячага турызму і экскурсій Васіля Дубейкі (сёння ён кіруе Цешаўлян-

скай сярэдняй школай) удзел у стварэнні хронікі стаў яркай старонкай біяграфіі. «Праца ў архівах, бібліятэках, сустрэчы з неардынарнымі людзьмі, – кажа ён, – ўзбагачалі інтэлектуальна, духоўна. Гэта быў плённы, цікавы перыяд. Я адчуваў творчы ўзлёт, хацелася данесці да людзей нашу ўнікальную гістарычную спадчыну. Кніга «Памяць» натхніла мяне на далейшыя распрацоўкі па краязнаўству».

Васіль Дубейка з таго часу ўжо падрыхтаваў дзесяць рукапісаў сваіх асабістых кніг, з якіх самая грунтоўная – пра этымалагічнае паходжанне назваў населеных пунктаў раёна. Ён уваходзіў у склад творчай групы, якая прыняла ўдзел у абласным конкурсе на лепшы летапіс вёскі і заняла першае месца з аповедам пра Новую Мыш. Васіля Дубейку пастаянна запрашаюць на абласныя навуковыя канферэнцыі. «Ён адзін з самых інтэлектуальнейшых настаўнікаў раёна», – дае характарыстыку члену рэдакцыйнай калегіі «Памяці» Міхась Бернат.

Падрыхтоўка хронікі вялася на энтузіязме стваральнікаў пад эгідай райвыканкама. Нямала матэрыялаў трапіла ў кнігу са старонак нашай газеты. «Хто з журналістаў вам дапамагаў?» – пытаюся. «Раіса Сушко, Юрый Бунееў», – адказвае Міхась Бернат і называе маё прозвішча. Пярэчу яму: «Але я не пісала артыкулаў у кнігу». «Затое рэдагавалі нашы матэрыялы. Фотаздымкі рабіў Міхась Кашко».

Хроніка «Памяць» выдадзена амаль поўнасцю на беларускай мове. У ёй змешчана многа спіскаў. Пералічаны загінуўшыя партызаны, падпольшчыкі, удзельнікі антыфашысцкага руху, асобы, якія садзейнічалі партызанскаму руху і падполлю, члены іх сем’яў і мірныя жыхары. Акрамя ахвяр фашызму надрукаваны імёны ахвяр беспадстаўных палітычных рэпрэсій – спіс займае сорак старонак кнігі. Гэтыя людзі затым былі рэабілітаваныя. «Мы стараліся праўдзіва паказаць ход гісторыі», – заўважаюць аўтары «Памяці».

Калі адкрываю кнігу, то знаходжу ў ёй знаёмыя прозвішчы людзей, якія ўвайшлі ў сучасную гісторыю горада і раёна. Сярод заслужаных работнікаў культуры на 601-й старонцы значыцца імя Уладзіміра Шляхціна. Ён быў рэдактарам нашай газеты з 1957 па 1985 год. Пра многіх заслужаных трэнераў я расказвала ў «Нашым краі» – пра Мікалая Шатава і Анатоля Сувалава (спартыўная гімнастыка), Леаніда Янушку (акрабатыка), Уладзіміра Радчанку (лёгкая атлетыка), як і пра майстроў спорту міжнароднага класа Наталлю Сазановіч, прызёра трох Алімпіяд у лёгкаатлетычным сямібор’і, Лідзію Горбік, уладальніцу Кубка свету па спартыўнай гімнастыцы. З хронікі можна даведацца, хто быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы, хто кіраваў горадам і раёнам у розныя перыяды.

Апрача працы над галоўнай кнігай Баранавічаў і Баранавіцкага раёна Міхась Бернат у дзевяностыя гады пачаў яшчэ адну вялікую справу – стварэнне ў Русіно раённага музея рамёстваў. Калі музей з’явіўся, складальнік «Памяці» стаў яго першым дырэктарам. Цяпер Міхась Бернат на пенсіі, але без навуковай справы не сядзіць: збірае матэрыял для кнігі пра Першую сусветную вайну. Лінія фронту праходзіла па тэрыторыі раёна, у Баранавічах знаходзілася Стаўка Вярхоўнага камандавання. Даследаванне абяцае быць скрупулёзным – аўтар па-іншаму не ўмее працаваць.

Стваральнікі гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць» спадзяюцца, што новыя пакаленні падхопяць іх пачынанне і працягнуць летапіс малой радзімы.

0

Также на нашем сайте

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *