Наверх

Паэт і барацьбіт

20.04.2012 Комментариев нет 267 editor

Мірская сярэдняя школа багата сваімі традыцыямі. Адна з іх – вывучэнне і прапаганда літаратурнага краязнаўства Баранавіччыны. Нядаўна ў школе прайшоў Дзень беларускай мовы, прымеркаваны да 125-годдзя з дня нараджэння нашага земляка Алеся Гаруна (Аляксандра Прушынскага). На нашай зямлі нарадзіліся Паўлюк Багрым, Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Галубок, Валянцін Таўлай… З нашага краю і карані паэта нацыянальнага адраджэння Алеся Гаруна. У вёсцы Пастарынне (раней Падстарынь) нарадзіўся бацька паэта, і малы Алесь тут, у яе ваколіцах, правёў дзяцінства. Пазней знаёмыя вясковыя абрысы Гарун увекавечыць у вершаваных радках:

Гэй жа ж, мая вёска!

Як ты дзісь (сёння) далёка –

Каб глядзеў і доўга,

Не ўбачыць вока

Тваіх стрэх з саломы,

Мохам часу крытых,

Вакенцаў маленькіх,

Хат, у зямлю ўбітых…

(Гэй жа ж, мая вёска!)

Аляксандр Прушынскі з 1904 года пачаў актыўнае палітычнае жыццё, але ўжо ў 1907 годзе паліцыя арыштавала юнака ў падпольнай друкарні. Пасля паўгадовага следства асуджанага адпраўляюць на пажыццёвую ссылку і пасяленне ў Сібір. 3-за турэмных кратаў дасылае Алесь Гарун сябрам свае вершы, рыхтуе да друку першы і адзіны зборнік твораў «Матчын дар», што выдадзены быў толькі ў 1918 годзе.

Пасля рэвалюцыі 1917 года Алесь Гарун вядзе актыўную грамадскую дзейнасць, аднак на 33-м годзе жыцця хворы на сухоты паэт па дарозе на лячэнне памірае ў Кракаве.

3 роду Прушынскіх з вёскі Пастарынне і сучасная баранавіцкая паэтка Браніслава Лапкоўская-Прушынская. Яна ўсё жыццё працавала на чыгунцы і ў аўтапарку, але паэтычны дар, які праявіўся яшчэ ў школе, развівала – пісала для душы. Зараз выдадзены некалькі яе зборнікаў вершаў, Браніслава Міхайлаўна вельмі цікава распавядае пра свайго знакамітага земляка і, як і ён, піша пра маленькую радзіму:

Тут Радзіма і сумленне,

Мама і калыска,

I маленства, і  ўзросласць

Сэрцу вельмі блізка.

Свае вершы Браніслава Міхайлаўна чытала ў час сустрэчы з нашымі вучнямі на Дзень  беларускай мовы. Яны прысвячаліся слынным асобам Баранавіцкай зямлі і роднаму краю.

0

Также на нашем сайте

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *