Наверх

Нязгасны агонь духоўнасці

23.08.2012 Комментариев нет 215 editor

Сёлета ХІХ Міжнародная духоўна-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга – арганічная састаўная частка дзяржаўнага свята «Дзень беларускага пісьменства», якое адбудзецца ў горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці, – пройдзе з 29 жніўня па 2 верасня.

На працягу многіх гадоў мы адчуваем неаслабную ўвагу не толькі вернікаў, але і ўсяго грамадства да тых мерапрыемстваў, якія адбываюцца падчас экспедыцыі. Кожны год яна праходзіць новымі і новымі маршрутамі, асвячаючы Благадатным агнём храмы, капліцы, манастыры, адукацыйныя ўстановы, бальніцы, дамы сацыяльнага сіроцтва… Словам, сляды духоўна-асветніцкага паломніцтва надоўга застаюцца ў сэрцах і душах людзей. І напамінаюць пасаджанымі ўдзельнікамі экспедыцыі Садамі малітвы, асвечанымі крынічкамі і памятнымі крыжамі на месцах баявой славы нашых блізкіх і далёкіх продкаў. І, канешне, Хрэсным ходам, малебнамі, падчас якіх Благадатны агонь загараецца на свечках прысутных.

Сёлета, як і заўсёды, экспедыцыя з непагаснай лампадай духоўнасці возьме старт каля Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску і па традыцыі завітае ў наш раён – на Святое поле каля вёскі Загор’е Сталавіцкага сельсавета (месца яўлення вясной 1983 года і праслаўленай сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы 8 жніўня 2000 года святыні – цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконы Пакрову Прасвятой Багародзіцы – Адзігітрыі (Шляхаводнай) экспедыцыі «Дарога да святыняў») і ў вёскі Лясная і Моўчадзь. Адсюль экспедыцыя возьме накірунак на Віцебшчыну, у сталіцу Дня беларускага пісьменства горад Глыбокае.

У сераду 29 жніўня адбудзецца сустрэча ўдзельнікаў ХІХ Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» з жыхарамі нашых раёна і горада, духавенствам Пінскай епархіі і Баранавіцкага благачыння каля вёскі Дуброўна (усе мерапрыемствы будуць праходзіць з 10.00 да 12.10). Адсюль пачнецца супольны Хрэсны ход на Святое поле, дзе адбудуцца ліціі каля трох Крыжоў памяці і Каменя пакаяння, малебен у Свята-Іаана-Прадцечанскай капліцы. Тут адбудзецца і перадача Благадатнага агню ад Гроба Гасподняга на свечкі прысутных, і перадача Экспедыцыі асвечанай зямлі са Святога Поля для падсыпкі яе пад дрэвы Садоў малітвы ў кожным населеным пункце на маршруце экспедыцыі. Дарэчы, на ўсім маршруце кожны раён, горад, вёска ўрачыста перадаюць зямлю экспедыцыі як сімвал супольнай малітвы за Беларусь, за верацярпімасць, за еднасць славянскіх народаў, за мір ва ўсім свеце – для Саду малітвы ў сёлетняй сталіцы Дня беларускага пісьменства Глыбокім. Так і пад кожнае дрэўца Саду малітвы ў Лясной, Моўчадзі і іншых населеных пунктах на маршруце экспедыцыі будзе падсыпацца зямля са Святога поля і з Глыбокага (асвечаную зямлю з гэтага горада загадзя перадалі экспедыцыі). А ў Глыбокім пры пасадцы Саду малітвы пад кожнае дрэўца будзе падсыпацца (яднацца) зямля з папярэдніх маршрутаў экспедыцыі, са Святога поля і ўсіх мясцін, праз якія прайшла дзевятнаццатая экспедыцыя «Дарога да святыняў».

Прыкладна ў 13.10 сустра-каць экспедыцыю будуць у вёсцы Лясная, дзе 130 год назад, у хаце, на месцы якой зараз знаходзіцца храм у гонар Казанскай іконы Божай Маці, нарадзіўся адзін з заснавальнікаў беларускага тэатра, першы народны артыст Беларускай ССР Уладзіслаў Галубок. Тут адбу-дзецца перадача экспедыцыі асвечанай зямлі вёскі Лясная, Хрэсны ход да храма ў гонар Казанскай іконы Божай Маці, асвячэнне Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга помніка Уладзіславу Галубку, малебен, перадача Благадатнага агню ад Гроба Гасподняга на свечкі прыхаджан, пасадка Саду малітвы.

На 16.10 намечана урачыстая сустрэча-мітынг у Моўчадзі з Хрэсным ходам да храма ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла, малебен, перадача Благадатгага агню, выступленні ўдзельнікаў экспедыцыі перад прысутнымі на гэтай духоўнай дзеі.

Па ўсім маршруце і дарослыя прыхажане, і дзеці будуць благаслаўляцца цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконай Пакрову Прасвятой Багародзіцы. А таксама паўсюль на маршруце ўсе жадаючыя ахвяраваць сваю лепту на пабудову храма ў гонар цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконы на Святым полі, на добраўпарадкаванне яго святыняў могуць гэта зрабіць як у храмах, так і ў скарбонкі ўдзельнікаў духоўна-асветніцкай экспедыцыі.

Дарога да святыняў павінна быць у кожнага, каб не згубіцца ў жыццёвых плынях.

0

Также на нашем сайте

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *