Наверх

«Паважаныя пасажыры», або Горкі хлеб

13.04.2013 Комментариев нет 68 editor

А вам падабаецца падарожнічаць? Калі так, то тое, што вы зараз прачытаеце, будзе вам да болю знаёмым. Дакладней кажучы, далей размова пойдзе аб грамадскім транспарце і аб праблеме, з якою мы ў ім сутыкаемся штодзённа…

Вяртаюся дадому ад студэнцкай сяброўкі. Па філалагічнай звычцы з сабою ў дарогу ўзяла крыху зацёрты томік Ясеніна. Цягнік хутка рушыць. Вось ужо прабегла «першая партыя» нясённяшніх газет і часопісаў на любы густ. Перыядычна спыняючыся, прайшлі «гарачыя піражкі і халоднае марожанае». Яшчэ прапаноўвалі шкларэзы, пальчаткі, формы для печыва і шмат чаго іншага. З гэтым настолькі звыкаешся, што нават не звяртаеш увагі. А вось і музыканты, якіх амаль ведаеш у твар, праспявалі «Бацькоўскі дом».

З пачатку вагона чуецца яшчэ адна песня, толькі дзіцячым голасам, і словы ў ёй незразумелыя. Гэта малая цыганская дзяўчынка. Яна трымае на руках немаўля і спявае. Але без радасці ў вачах, зусім па-даросламу. А дзе іх маці? Раней заўсёды разам хадзілі. Колькі ўжо гадоў езджу, а гэта цыганачка, здаецца, і не падрасла. Некаторыя ў вагоне слухаюць яе ўважліва, астатнія адварочваюцца. Дастаю з кішэні «студэнцкія рублі» і працягваю ёй. Яна моўчкі забірае і праходзіць далей. Я ж зноў паглыбляюся ў ледзь выразныя з-за дрэннага святла радкі верша. Наступае цішыня, якая суправаджаецца толькі грукатам колаў.

«Уважаемые пассажиры…извините…что…обращаюсь к вам…», – я ўздрыгваю, хутка разумею, чые гэта словы. Яны ўжо да болю мне знаёмыя.

Гэта Жэня. Яго памятаю яшчэ з дзіцячых гадоў, калі ездзіла на цягніках да бабулі. Ён аднойчы сам сказаў, як яго завуць. Проста так, нічога не тлумачачы. Цягнік, мабыць, стаў ягоным родным домам. Кантралёры памятаюць яго таксама, і калі-нікалі іранічна кажуць яму некалькі слоў, каб не перашкаджаў працаваць. Гледзячы на бруднага, у абарванай вопратцы, кульгаючага чалавека, людзі аж адхінаюцца. Кожны раз ён просіць «на хлеб», але ў мяне не заўсёды ўзнікала ўпэўненасць, што сапраўды гэтыя грошы пойдуць на хлеб, а не на бутэльку. Гаворыць ён шчыра, але вось прагрэсу з назбіраных сродкаў на ім бачна не было. На гэты раз я была ў шоку: стаіць Жэня, усё так жа просіць прабачэння, у чыстым адзенні, пастрыжаны і паголены. Няўжо гэта праўда? Няўжо ён сапраўды не прапівае назбіраныя капейкі? Нешта ў маёй душы перавярнулася: ён гаворыць праўду, не хлусіць, гледзячы ў вочы.

Так змяніліся мае адносіны да тых, хто просіць, да тых, на каго ўжо не звяртаюць увагі. Іх называюць праблемай, заганай нашага грамадства. Але яны і наша частка, забруджаная частка нашай душы, якую патрэбна выправіць і зрабіць дасканалай.

0

Также на нашем сайте

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *