Наверх

Баранавіцкаму краязнаўчаму музею – 85!

6.11.2014 Комментариев нет 618 editor

 

Да юбілею музея яго супрацоўнікі наладзілі новую выставу. І ў час яе адкрыцця разам са шматлікімі гасцямі пагарталі старонкі гісторыі юбіляра.

У 1929 годзе Баранавіцкі павятовы Камітэт Рэгіянальны вырашыў арганізаваць выставу, на якой паказваўся б эканамічны і культурны ўзровень жыцця горада і рэгіёна. Гэтым займаўся сапраўдны падзвіжнік краязнаўства, выкладчык мясцовай гімназіі Леанард Турскі. І калі ўжо была сабрана пэўная колькасць матэрыялаў, у яго і ўзнікла думка: нельга абысціся толькі адной выставай, трэба стварыць музей з карціннай галерэяй пры ім.

З таго часу ў музеі было 15 кіраўнікоў. Кожны з іх па цаглінцы збіраў і будаваў сховішча гістарычных каштоўнасцей. З гэтай нагоды ўпаміналіся імёны былых дырэктараў Юрыя Любамірскага, Людмілы Лобач. А Валерый Палікарпаў, які ўзначальваў музей з 1969 да 1972 года, заўважыў, што не захавалася фота Турскага. І было б гістарычна справядлівым, каб цяперашнія супрацоўнікі знайшлі фотаздымак заснавальніка музея.

Звыш 20 гадоў узначальваў музей Станіслаў Шчарбакоў. Ён звярнуў увагу прысутных на тое, што 2014 – год юбілеяў. Сёлета адзначаліся 130-годдзе першага градабудаўнічага плана мястэчка Развадова, якое палажыла пачатак нашаму гораду, 100-годдзі Першай сусветнай вайны, Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі Расійскай імперыі, прыезду цара Мікалая ІІ у Баранавічы, 95 год як Баранавічы сталі горадам, 75 год як ён увайшоў у склад БССР…

І ў самога музея сёлета нямала юбілеяў. Напрыклад, 30 год таму была створана выставачная зала, у якой і ладзілася мерапрыемства, прысвечанае юбілею музея. 

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама Святлана Паўловіч падзякавала калектыву музея за добрасумленную працу, пажадала творчага задору, заўсёды крочыць у нагу з часам, уручыла букет кветак і прынтар, а таксама граматы аддзела галоўнаму захавальніку фондаў музея Рыце Чартко, старшаму навуковаму супрацоўніку Ірыне Сайко, навуковаму супрацоўніку Ірыне Чэрнік, мастаку-рэстаўратару Галіне Матусевіч.

Сказалі цёплыя словы рупліўцам музейнай справы і ўручылі падарункі старшыня гаркама прафсаюза работнікаў культуры Антаніна Жданко, мастакі Іосіф Галяк, Вольга Рамейка і іншыя. На працягу мерапрыемства лашчылі слых віноўнікаў урачыстасці і прысутных музычныя творы ў выкананні гурта вандроўных музыкаў «Фэст» і  ансамбля сярэдневяковай музыкі «Контрданс».

Са словамі падзякі да тых, хто прыйшоў на свята музея, звярнулася яго дырэктар Ірына Станюк. Яна адзначыла, што за год музей наведваюць звыш 50 тысяч чалавек, праводзіцца больш 1000 экскурсій, арганізоўваецца каля 20 выстаў, праводзіцца 20-30 розных масавых мерапрыемстваў, прымаецца ў фонды музея каля 400 прадметаў.

– Асноўны фонд музея налічвае звыш 42 тысяч адзінак,  – адзначыла Ірына Станюк. – Чацвёртая частка фонда – гэта падарункі людзей. І мы вельмі ўдзячныя ім.

Падзякавала Ірына Паўлаўна і сваім папярэднікам за навуку, калектыву – за адданасць працы, а многім гасцям – за дапамогу музею. А таксама гарадскому выканаўчаму камітэту, дзякуючы якому адрэстаўраваны будынкі музея і выставачнай залы.

А потым і адкрылася выстава «Ваша Вялікасць Экспанат», якая будзе працаваць да канца снежня. Адзначым, што тут можна пабачыць шмат экспанатаў, многія з якіх выстаўляюцца ўпершыню, з най больш цікавых музейных калекцый – нумізматыкі, этнаграфіі, ікон, твораў жывапісу, графікі і іншых. 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

0

Также на нашем сайте

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *