Наверх

У Баранавічах ўрачыста адкрылі трэці дзіцячы дом сямейнага тыпу

12.11.2014 Комментариев нет 400 editor

Ён пабудаваны для вялікай і дружнай сям’і Біруковых. Разам з маці Ірынай і бацькам Аляксандрам гаспадарамі новага светлага дома сталі дзеці – чацвёра сваіх і пяцёра з катэгорыі дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі (хутка дабавіцца і шосты).

Цяпер Ірына і Аляксандр па прафесіі – бацькі-выхавацелі (хаця Аляксандр Уладзіміравіч працуе яшчэ і наладчыкам на аўтаагрэгатным заводзе). Такую работу яны выбралі не ў цэнтры занятасці, а па поклічу душы. Гэта была іх мара – стварыць вялікую сям’ю, яны мелі вопыт выхавання родных і прыёмных дзяцей, а таксама дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Дарэчы, Біруковы сёлета перамаглі ў гарадскім конкурсе  «Лепшая шматдзетная сям’я». Яны зразумелі, што могуць даць дзецям любоў і ласку. І калі даведаліся, што будзе будавацца дом сямейнага тыпу, то і падалі заяўку ў аддзел адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама, каб стаць бацькамі-выхавацелямі. 

Ведаючы, хто ў гэтым доме будзе жыць, калектыў будаўніча-мантажнага поезда № 760 працаваў з душой. На ўзвядзенне дома, які вырас практычна за тры месяцы, затрачана 1,5 мільярды рублёў з рэспубліканскага бюджэту і амаль мільярд – з абласнога. А гарадскія прадпрыемствы – вытворчае баваўнянае аб’яднанне, заводы станкабудаўнічы, станкапрыладаў, гандлёвага машынабудавання, авіяцыйны, водаканал, аддзяленне чыгункі, дыстанцыя грамадзянскіх збудаванняў, малочны камбінат, «Баранавіч-хлебапрадукт» – дапамаглі абсталяваць жытло мэбляй, пасцельнай бялізнай і іншымі карыснымі рэчамі. 

У мінулы аўторак на вуліцы Кірава адбылося ўрачыстае адкрыццё гэтага дома сямейнага тыпу. На наваселле да Біруковых сабралася шмат гасцей.

 – Сённяшняе мерапрыемства дарагога каштуе, – адзначыў старшыня гарвыканкама Юрый Грамакоўскі. – І не таму, што дзяржава затраціла вялікія сродкі на будаўніцтва дома. А таму, што ў нас ёсць людзі, у сэрцах якіх знаходзіцца цяпло не толькі для родных дзетак, але і для прыёмных. Цяпер у дамах сямейнага тыпу горада будзе выхоўвацца 32 дзіцяці. А яшчэ 57 – у прыёмных сем’ях. Бацькам вялікі дзякуй за іх  добрыя сэрцы. А дзеткам жадаю, каб яны выраслі дастойнымі грамадзянамі любімай Беларусі.

На наваселле без падарункаў не прыхо-дзяць. Ад гарадскіх уладаў Юрый Грамакоўскі ўручыў вялікай сям’і, у якой уся дзятва ходзіць у школу, камп’ютар. Ад гаркама прафсаюза работнікаў адукацыі яго старшыня Тамара Шукала перадала сертыфікат на 1,5 мільёна рублёў. Настаяцель прыхода храма Святога Благавернага Князя Аляксандра Неўскага айцец Віталій уручыў ікону і дзіцячую духоўную літаратуру, пажадаўшы міру, шчасця і ўтульнасці ў доме. А юныя артысты Палаца дзіцячай творчасці суправаджалі мерапрыемства сваімі песнямі, у адной з якіх былі словы-пажаданні: «…хай шчасце ў доме вякуе».

Шчаслівая мама Ірына Бірукова падзякавала ўсім за падарункі і добрыя пажаданні.

 – А мы з мужам зробім усё, каб нашы дзеці выраслі дастойнымі грамадзянамі краіны і праславілі Рэспубліку Беларусь, – заключыла Ірына Уладзіміраўна. 

На шляху ад нараджэння да юнацтва, калі чалавек спасцігае свет, добра, што за кожным яго крокам сочаць пяшчотныя вочы бацькоў, падтрымліваюць клапатлівыя бацькоўскія рукі.

Але прыгледзьцеся больш пільна, і вы заўважыце яшчэ адзін клапатлівы погляд вялікай маці – Радзімы, у якой ёсць толькі адзін прывілеяваны клас – дзеці… І ў нашай краіне павінны знайсціся добрыя рукі для кожнага пакінутага дзіцяці. Хай то будзе дзіцячы дом сямейнага тыпу, прыёмная ці апякунская сям’я, бо дзецям добра там, дзе іх любяць.

0

Также на нашем сайте

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *