Наверх

Брестской области 75 лет. Документальные и живые свидетельства истории края

3.12.2014 Комментариев нет 701 editor

4 снежня 1939 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР была ўтворана Брэсцкая вобласць.

1939 год стаў пераломным у свядомасці ўраджэнцаў Брэстчыны, як і ўвогуле ўсіх заходніх беларусаў. Гэта была эпоха радыкальных перабудоў, змен усяго жыццёвага ўкладу. З таго часу пачынаецца савецкі этап гісторыі Брэстчыны, калі вобласць стала эканамічна развітым рэгіёнам, у якім людзі ўпершыню адчулі сябе паўнапраўнымі членамі сучаснага грамадства.

У гэты час абрысы вобласці значна адрозніваліся ад сучасных. Некаторыя раёны, якія сёння прывычна з’яўляюцца яе часткай, у той час уваходзілі ў склад Баранавіцкай і Пінскай абласцей. Дарэчы, яны таксама былі створаны 4 снежня 1939 года, таму гэты дзень святочны для ўсіх рэгіёнаў Брэстчыны.

Хутка новая ўлада пачала перабудову: нацыяналізацыю зямель памешчыкаў, нацыяналізацыю прамысловых прадпрыемст­ваў і банкаў. Пачалося будаўніцтва новых прадпрыемстваў, пашырэнне старых, утварэнне першых калгасаў. Змены закранулі і народную асвету: у большасці школ выкладанне пераводзілася на беларускую мову, пашыралася сямігодка, ліквідавалася непісьменнасць. У 1940 годзе ў заходніх абласцях БССР адчынены шэраг навучальных устаноў. У Барана­вічах былі ўтвораны не толькі беларускія, але і яўрэйскія, польскія, рускія школы, а таксама – Баранавіцкі дзяржаўны настаўніцкі інстытут. Працавалі бібліятэкі, абласны драматычны тэатр, музей выяўленчага мастацтва.

Але перыяд перабудоў быў перарваны напа­дзеннем фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 года…

Пад чорным крылом

22 чэрвеня 1941 года пачалася гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. Фашысты хутка ішлі на ўсход, насаджаючы паўсюль «новы парадак». За час акупацыі немцы зруйнавалі 148 гарадоў і вёсак Брэстчыны.І з першых дзён насельніцтва пачало актыўнае супрацьстаянне ворагу.

26 чэрвеня 1941 года ў Пінску створаны першы на Беларусі партызанскі атрад Васіля Каржа. У гарадах актывізуецца падпольніцкая дзейнасць.

27 чэрвеня акупанты прыйшлі ў Баранавічы. Яўрэйскае насельніцтва амаль адразу адправілі ў гета (яно знаходзілася ў межах сённяшніх вуліц Лісіна і Гагарына, Багдановіча і Царука). 4 сакавіка 1942 года каты расстралялі больш за 3000 яго вязняў. Летам гэтага ж года ў Баранавічы прыехалі тры эшалоны (па 1000 чалавек у кожным) з вязнямі чэхаславацкага канцлагера Тэразінштат. Іх масава знішчылі ва ўрочышчы Гай.

У жніўні 1941­-га ў Баранавічах узнікла антыфашысцкая арганізацыя. На той момант яна складалася з 23 падпольшчыкаў і мела рэзерв з 40 чалавек. З верасня 1942-­га падпольніцкую дзейнасць узначаліў адноўлены Баранавіцкі абкам КП(б)Б. Падпольшчыкі збіралі боепрыпасы, медыкаменты для партызан, здзяйснялі дыверсіі. Асобная падпольная група дзейнічала ў гарадской бальніцы. У горадзе быў наладжаны падпольны друк.

Да лета 1944-­га народныя змагары Брэстчыны падарвалі 182 фашысцкія эшалоны, каля 10 тыс. рэльсаў, падбілі 62 танкі і 1221 аўтамабіль, знішчылі каля 50 тыс. гітлераўцаў. 

8 ліпеня 1944 г. войскі I Беларускага фронту вызвалілі Баранавічы, а 28 ліпеня – Брэст. Пачалося аднаўленне зруйнаванага мірнага жыцця.

1 кастрычніка 1945 года ў Брэсце зноў пачалі работу 22 прадпрыемствы, чыгуначны вузел, лесазавод, вадаправод, быў наладжаны выпуск тавараў народнага спажывання.

Уставалі з руін і Баранавічы, жылы фонд якіх быў знішчаны на 85%. Па стане на 10 ліпеня 1944 года тут жыло 4 000 чалавек. Праз некалькі месяцаў пасля вызвалення Баранавіцкі гарадскі Савет дэпутатаў працоўных прыняў рашэнне аб стварэнні ў горадзе кінатэатраў. Пачаліся работы па аднаўленню стадыёна, была адкрыта гасцініца, пачалі працаваць медустановы, зноў адчынены школы, у тым ліку музычная і фельчарска­-акушэрская. У кастрычніку 1944-­га ў Баранавічах працавала 15 магазінаў і пяць сталовых. Колькасць гарадскога насельніцтва на той час складала ўжо 14 516 чалавек (як сведчыць кніга «Памяць: гіст.-дакум. хроніка г. Баранавічы і Баранавіцкага р-на», Мн.: БелТА, 2000, – с. 385). 

9 мая 1945 года ў горадзе адбыўся святочны 25-­тысячны мітынг працоўных і вайскоўцаў. Вось што паведамляла газета «Чырвоная звязда» 10 мая:

«У сярэдзіне дня на плошчы сабраліся жыхары горада і госці, каб выказаць сваю радасць. Гром авацый скалануў паветра, калі над плошчай у хуткім палёце пранеслася пяцёрка знішчальнікаў. Пасля параду пачалася дэманстрацыя працоўных. Галаўную калону ўзначалілі чыгуначнікі. За імі ішлі рабочыя і служачыя, настаўнікі школ і ФЗУ, школьнікі, і, здаецца, мнагалюдная плошча стала адной вялікай і дружнай сям’ёй. Усюды чуліся песні і смех. Калі скончылася дэманстрацыя, над горадам пачуліся магутныя залпы. Гэта быў салют у гонар перамогі».

Алена СІНЯКОВІЧ  

(Працяг у наступных нумарах)

 

«Я помню, як кідалі кветкі…»

Ганна Гаўрылаўна Турчэнік, нарадзілася ў 1930 годзе: – Я родам з вёскі Пачапава. Маці засталася ўдавой з маім старэйшым братам і выйшла замуж другі раз, за майго бацьку. Я была познім дзіцём, таму мяне асабліва апекавалі.

Жылі мы бедна. На стале часта і сала не было, не тое што мяса. Бацькі, аднак, мелі ўласны надзел зямлі, трымалі карову, свіней. Але нас было толькі чацвёра – для вясковай сям’і гэта мала. Мы з братам малыя.

Каму працаваць?

Памятаю, як пайшла ў польскую школу ў Пачапаве.

Яе пабудавалі ля царквы. Прымалі туды з сямі год.

Вучылі пісаць, чытаць, лічыць. Заняткі вялі па-беларуску і па-польску. Размаўляць па-польску я магу і зараз, бо частку нашай хаты арэндавалі польскія настаўнікі.

Ад іх і навучылася.

Усяго ў школе было чатыры класы. Але я паспела скончыць толькі першы: у 1939-м пачалася вайна Германіі з Польшчай. У вёску прыйшлі салдаты Чырвонай Арміі – вызваліцелі. Па вуліцы ехалі танкі, а жыхары кідалі на дарогу перад імі кветкі. Радаваліся ўсе!

А праз два гады немцы спалілі амаль усё Пачапава.

У агні загінуў і мой бацька. З 1942 года брат забраў мяне ў партызанскі атрад імя Г.І. Катоўскага. Я была сувязной. Перадавала партызанам лістоўкі, патроны, лекі.

Некаторы час разам з атрадам жыла ў Белавежскай пушчы, у зямлянцы. Аднойчы разам з партызанкай хадзіла на дыверсію ў Моўчадзь: падрываць млын.

А ў 1944-м зноў прыйшлі нашы. Я вывучылася на краўчыху і ў 1969-м годзе пераехала ў горад, дзе доўгі час працавала ў атэлье «Сілуэт».

Алена СІНЯКОВІЧ

0

Также на нашем сайте

  • Даты истории26.12.2012 Даты истории (0)
    25 декабря 49 лет  назад,  в 1963 году, по решению Барановичского горисполкома  улица Витебская в Барановичах была переименована в улицу имени Макара Тимофеевича Кудрина […]
  • Прапушчаны ўдар06.06.2012 Прапушчаны ўдар (0)
    Больш сямідзесяці гадоў прайшло з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, але па сёння застаюцца старонкi, якiя слаба цi зусім не вывучаны. Прыступаючы да даследавання, я меркавала, што сапраўдныя […]

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *