Наверх

У Падгорненскай сярэдняй школе адбылася творчая сустрэча з пісьменніцай Соняй Вайсавай

23.03.2016 Комментариев нет 254 Наш край

У Падгорненскай сярэдняй школе адбылася творчая сустрэча з выпускніцай гэтай навучальнай установы, былой настаўніцай, цяпер грамадзянкай Славакіі, пісьменніцай Соняй Вайсавай. Яна прэзентавала сваю першую кнігу «Странички моей жизни».

На сустрэчу з выбітнай зямлячкай прыйшлі не толькі вучні, настаўнікі, але і жыхары вёскі. Вядучым прэзентацыі быў дырэктар школы Самсонік Уладзімір Барысавіч. Ён распавёў прысутным пра адметнасці кнігі, яе дакументальную аснову, назваў герояў, якіх хораша паказала ў кнізе Соня Вайсава.

Са слоў дырэктара прысутныя маглі адчуць, з якой цеплатой, любоўю і павагай намалявала Соня Іванаўна вобразы сваіх былых настаўнікаў, бацькоў, родных, сяброў-аднаклас-нікаў, суседзяў. Уладзімір Барысавіч зачытваў урыўкі з кнігі, даваў ім каментарыі, захапляўся сам і перадаваў свае захапленні прысутным.

Калі ўзяла слова аўтар кнігі, у зале наступіла асаблівая цішыня. Соня Іванаўна пачала з таго, што памятае кожны закуточак старога будынка школы, кожны клас, нават дошчачку на падлозе, і суседнія старыя драўляныя хаты, якія прытуліліся побач са школай.

У Падгорненскай школе яна атрымала выдатную адукацыю, палюбіла літаратуру і мову, часта выступаючы на сцэне з песнямі і дэкламаваннем вершаў, атрымала навыкі спевака і майстра вуснага слова, навучылася пісаць сачыненні і ствараць уласныя паэтычныя творы.

А яшчэ – яна адчула тут радасць і горыч першага кахання, шчасце і расчараванне. Тут у яе зарадзілася мара стаць настаўніцай і пісьменніцай. Соня Вайсава, звяртаючыся найперш да вучняў школы, падкрэсліла вядомую аксіёму, што калі чагосьці вельмі моцна захацець, то яно абавязкова здзейсніцца. Так і яе мары рэалізаваліся. Шлях да здзяйснення мараў вельмі добра пададзены ў «Страничках моей жизни».

Кніга напісана ў форме дзённіка. Соню Вайсаву парадавала, што на сустрэчу з ёю прыйшлі аднаклас-нікі, суседзі, родныя, якія на старонках дзённіка знайшлі сябе – толькі тых, маладых, поўных мараў і спадзяванняў, гарэзлівых і сур’ёз-ных, побач з жывымі яшчэ бацькамі, бабулямі і дзядулямі, настаўнікамі школы.

Падгорненская школа нешматлюдная – яна лічыцца малакамплектнай, але ў ёй пануе высокая духоўнасць у адносінах паміж вучнямі і настаўнікамі, бацькамі і дзецьмі. Калектыў школы нагадаў мне адзіную дружную сям’ю, дзе няма вялікай мяжы паміж старэйшымі і малодшымі вучнямі, дырэктарам і настаўнікамі, дзе ўсталяваліся цесныя стасункі паміж усімі, на чым і трымаецца моцны калектыў.

На завяршэнне творчай сустрэчы гаворка перайшла ва ўспаміны, згадкі пра тых, каго ўжо няма і хто пера-ехаў на жыхарства ў іншае месца, пра тое, у каго колькі дзяцей і ўнукаў, – адным словам, як у роднай хаце, дзе блізкія даўно не бачыліся і кожны хоча даведацца як мага болей пра жыццё-быццё сваяка. Соня Іванаўна расчулілася, у яе завільгатнелі вочы… У гэты момант да яе падышоў пажылы мужчына, былы аднакласнік Колька, якога яна некалі таемна кахала, і папрасіў: «Соня, падпішы кнігу. Хачу вярнуцца ў сваю, не, – у нашу – маладосць».

Уладзімір Сенькавец.

0

Также на нашем сайте

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *