Наверх

Помнiкi i памятныя знакi Вялікай Айчыннай вайны ў г. Баранавiчы (карта)

20.04.2016 3 комментария 2168 Наш край

З 27 чэрвеня 1941 года г. Баранавiчы быў акупiраваны нямецка-фашысцкiмi захопнiкамi, якiя загубiлi ў горадзе i яго ваколiцах 127,5 тыс. чалавек. Найбольшая колькасць людзей загiнула ў яўрэйскiм гета (12 тыс.), фiлiяле канцлагера №337 (31 тыс.), ва Урочышчы Гай (1 тыс.).

Насельнiцтва горада вяло барацьбу супраць акупантаў, дзейнiчалi акруговая анцiфашысцкая арганiзацыя i гарадское патрыятычнае падполле. 8.07.1944 года горад вызвалены ў вынiку Баранавiцка-Слонiмскай аперацыi.

Падзеям Вялiкай Айчыннай вайны прысвечаны мемарыяльныя комплексы “Урочышча Гай” i вязням баранавiцкага гета, помнiкi воiнам-вызвалiцелям, воiнам-аўтамабiлiстам, шматлiкiя помнiкi на брацкiх i адзiночных магiлах загiнуўшых, на месцах загубы савецкiх людзей i нш.

Помнiкi i памятныя знакi Вялікай Айчыннай вайны ў г. Баранавiчы:

Помнік воінам і партызанам, вызваляўшым г. Баранавічы ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў 8 ліпеня 1944 г.

vechny_ogonМесцазнаходжанне — вул. Леніна.

Тыпалагічная прыналежнасць, форма: помнік гісторыі, манумент.
Помнік уключаны ў Дзяржаўны спіс помнікаў.

Час адкрыцця — 1964г., перабудаваны ў 1984г.

Матэрыял: сiлумiн, гранiт, мармур, медзь, бронза.

Аўтары: скульптар М.Альтшулер, архiтэктары М.Мiлавiдаў, А.Марэнiч , А. Макараў.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

7 лiпеня 1944 г. войскi 1-га Беларускага фронта (15-я, 20-я, 69-я, 130-я, 193-я стралковыя, 37-я, 44-я, 50-я, 75-я гвардзейскiя стралковыя дывiзii, 9-я гвардзейская дывiзiя, 6-я i 8-я знiшчальныя авiягвардзейскiя дывiзii, 6-ы i 8-ы знiшчальныя авiяцыйныя корпусы, 18-я аўтамабiльная брыгада i iнш.) распачалi баi за горад. Да iх далучылiся падпольшчыкi i партызаны Баранавiцкага партызанскага злучэння. Надаючы вялiкае значэнне г.Баранавiчы як буйнейшаму чыгуначнаму вузлу, фашысты ператварылi яго ў моцны абаронны аб’ект з развiтай сiстэмай траншэй, дзотаў, мiнных палёў. Два днi iшлi жорсткiя баi. 8 лiпеня горад быў поўнасцю ачышчаны ад ворага.

У 1964 годзе быў адкрыты помнiк, перабудаваны ў 1984 годзе. Скульптурна-архiтэктурная кампазiцыя помнiка складаецца з шырокага стылабату (4,5м х 4,5м), аблiцаванага чырвона-шэрымi гранiтнымi плiткамi, i аб’ёмнага элемента ў выглядзе разгорнутага сцяга, выкананага з кованай медзi, з барэльефнай выявай твару чырвонаармейца ў касцы. У падножжа абелiска гарыць Вечны агонь.

Тут жа замацаваны рэльефны бронзавы лiст, на якiм адлiтымi бронзавымi лiтарамi зроблены надпiс на рускай i беларускай мовах: ”Доблесным воiнам Савецкай Армii i партызанам, 8 лiпеня 1944 г. вызвалiўшым г.Баранавiчы ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў, удзячныя жыхары горада”.

У 90-ыя гады справа i злева ад помнiка ўстаноўлены дзве металiчныя плiты: з пералiкам 28 воiнскiх часцей i злучэнняў, атрымаўшых за вызваленне горада ганаровае найменне “Баранавiцкiх”, на першай i 18 часцей i злучэнняў, узнагароджаных за паспяховыя баявыя дзеяннi пры вызваленнi г.Баранавiчы ордэнамi i медалямi (з iх барэльефнай выявай), на другой.

Помнiк на месцы загубы 31 тысячы савецкiх ваеннапалонных i мiрных грамадзян

pamyatsМесцазнаходжанне: вул.Брэсцкая (за будынкам турмы).

Тыпалагiчная прыналежнасць: помнiк гiсторыi.

Час адкрыцця: 1964 г.

Матэрыял: жалезабетон, мармур.

Аўтар: скульптар В.Ягаднiцкi.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У 1941 годзе нямецка-фашысцкiя захопнiкi стварылi на тэррыторыi турмы фiлiял Ляснянскага лагера смерцi для савецкiх ваеннапалонных. Адначасова тут утрымлiвалася да 20 тыс. чалавек. Найбольш здаровых i працаздольных фашысты адпраўлялi на работы ў Германiю, астатнiх знiшчалi. На тэррыторыi лагера людзi знаходзiлiся пад аткрытым небам; ад холаду, голаду, хвароб памiралi сотнi вязняў, акрамя таго фашысты сiстэматычна ўчынялi масавыя расстрэлы ваеннапалонных.

У 1964 годзе на месцы загубы ўстаноўлены помнiк: каля бетоннай сцяны (2,6м) з жалезнымi кратамi фiгура жанчыны ў жалобе (2,2 м); у падножжы — вянок памяцi, на дошцы — радкi:

”Сучаснiкi патомкi! Схiлiце голавы! Тут спяць вечным сном тыя, хто не стаў на каленi перад ворагам: 31 тысяча савецкiх грамадзян, расстраляных i замучаных фашысцкiмi катамi ў 1941-44 г.г.”

Мемарыяльны комплекс “Урочышча Гай”

IMG_0345Месцазнаходжанне на паўночна-ўсходняй ускраiне горада ва ўрочышчы Гай у 1,5 км ад вул. Кiрава.

Тыпалагiчная прыналежнасць: помнiк гiсторыi.

Час адкрыцця: 1972 г.

Матэрыял бетон, гранiт, медзь, бронза, бужавы камень.

Аўтары: скульптар М. Альтшулер, архiтэктары М.Мiлавiдаў, А.Макараў, А.Марэнiч.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У чэрвенi 1942 года на ст. Баранавiчы-Палескiя прыбыў эшалон з чэхаславацкiмi грамадзянамi, пасля чаго iх перасадзiлi ў грузавiкi, многiя з якiх былi душагубкамi, вывезлi ў лес i расстралялi.

У чэрвенi 1972 года ва ўрочышчы Гай быў адкрыты мемарыяльны комплекс (скульптар М.Альтшулер, архiтэктары М.Мiлавiдаў, А.Макараў, А.Марэнiч; бетон, гранiт, медзь, бронза, бужавы камень).

Сiмвалiчны “Парог жыцця i смерцi” — 10-i мятровы рассечаны бетонны брус. Фактура бетону стварае ўражанне слядоў, пакiнутых людзьмi, пераступiўшымi парог быцця. Дамiнанта мемарыяла — 2 пiлоны (13 i 14 м), якiя ўверсе змыкаюцца, утвараючы арку — сiмвалiчныя вароты канцлагера. На iх падвешаны два званы, якiя, судакранаючыся з дапамогай шарнiраў, рэагуюць на подых ветру. Унiзе на арцы — барэльефы (3м х 3,5м) з выявай мноства рук, узнятых i сцiснутых у пратэсце, болi, адчаi. Ад галоўнага манумента ўздоўж магiлы ў глыб лесу вядуць дзве дарожкi да сiмвалiчнага “эшафота” — бетоннай плiты з надпiсам-прысвячэннем: ”Тут у чэрвенi 1942 года нямецка-фашысцкiя захопнiкi па-зверску расстралялi 3 тысячы чэхаславацкiх грамадзян” (на рускай i чэшскай мовах).

Завяршае комплекс сiмвалiчная “Сцяна расстрэлу” з бутавых камянёў па колькасцi загiнуўшых. На замацаваных на “сцяне” з гранiтнай крошкi плiтах надпiс на рускай i чэшскай мовах: “Светлай памяцi чэхаславацкiх братоу”. Па апошнiх звестках загубленымi былi вязнi канцлагера Тэразiнштат (Чэхаславакiя). Тысяча прозвiшчаў устаноўлена, астатнiя не вядомы.

Мемарыяльны комплекс — значны твор манументальнага мастацтва. Помнiк Рэспублiканскага значэння.

Помнiк воiнам-аўтамабiлiстам

IMG_0365Месцазнаходжанне: вул.Тэльмана.

Тыпалагiчная прыналежнасць, форма: помнiк гiсторыi, манумент.

Час адкрыцця: 1984 г.

Матэрыял: аўтамабiль ЗIС-5 на бетонным пастаменце.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У вызваленнi горада ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў прымалi ўдзел воiны 18-й аўтамабiльнай брыгады, якiя на аўтамабiлях ЗIС-5 дастаўлялi на пазiцыi войск боепрыпасы i падмацаванне.

За мужнасць i гераiзм, праяўленыя пры вызваленнi г.Баранавiчы ад фашыстаў, 18-я Чырвоназнамённая ордэна Кутузава 2 ступенi аўтамабiльная брыгада атрымала ганаровае найменне “Баранавiцкая”.

Да 40-годдзя вызвалення г.Баранавiчы ў 1984 годзе адкрыты помнiк. На пастаменце (2,6 м) у выглядзе стужкi дарогi ўстаноўлены аўтамабiль ЗIC-5. На дошках надпiс ”У памяць аб воiнах-аўтамабiлiстах Вялiкай Айчыннай вайны, 1941-44 г.” i  “Воiнам 18-й Баранавiцкай аўтамабiльнай брыгады прысвячаецца”.

Мемарыяльны комплекс на магiле ахвяр фашысцкага тэрору — вязняў Баранавiцкага гета

charnyshevskМесцазнаходжанне: вул. Чарнышэўскага, у вуглу вулiц Рагулi i Куйбышава.

Тыпалагiчная прыналежнасць: помнiк гiсторыi.

Помнiк рэспубліканскага значэння.

Час адкрыцця: 1994 г.

Матэрыял: гранiт, мармур, жалеза.

Аўтары: архiтэктар Хаiм Цукерман (Iзраiль)

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У час другой сусветнай вайны фашысты паўсюдна вынiшчалi яўрэйскае насельнiцтва. У 1942 годзе ў г.Баранавiчы было створана гета, куды сагналi сем’i яўрэяў, пасля чаго пачалiся расстрэлы. Забiтых закапвалi ў траншэях каля в. Грабавец, “Зялёнага Маста” i на вул. Рагулi. У снежнi 1942 года над Баранавiчамi быў падняты белы сцяг з надпiсам ”юдэнрайн”, што азначала “чысты ад яўрэяў”.

Праз 50 гадоў у 1992 годзе родныя i блiзкiя загiнуўшых папрасiлi дазволу на перазахаванне астанкаў загiнуўшых у брацкай магiле на старых яўрэйскiх могiлках, зруйнаваных у час вайны. У 1994 годзе на магiле быў адкрыты мемарыяльны комплекс на сродкi яўрэйскага боку па праекту жыхара Тэль Авiва, члена гарадскога Савета Баранавiчаў да 1939 года, архiтэктара Хаiма Цукермана з матэрыялаў, прывезеных з Iзраiля.

У мемарыяльным скверы (1 га), абнесеным агароджай, устаноўлены памятны камень i белы мармуровы абелiск з надпiсам на беларускай мове i iўрыце аб трагедыi вязняў гета. На брацкай магiле на белай мармуровай плiце надпiс на беларускай мове i iўрыце: ”Астанкi 12-цi тысяч яўрэяў г.Баранавiчы, сабраныя ў месцах знiшчэння, здзейсненага немцамi i iх памагатымi ў 1942 годзе” i выява Шчыта Давiда — яўрэйскага сiмвала.

Помнiк над брацкай магiлай — аркi (сiмвала крывi жывых i мёртвых), жалезныя трубы (сiмвалы калючага дроту гета), дзве калоны (сiмвалы надзеi на сучаснае i будучыню).

Памятны знак у гонар 40-годдзя Перамогi

IMG_0262Месцазнаходжанне: вул. Бадака, на перакрыжаваннi вул. Калгасная i Трактарная.

Тыпалагiчная прыналежнасць, форма: помнiк гiсторы, памятны знак.

Час адкрыцця: 1985 г., заменена дошка ў 2015 г.

Матэрыял бетон, прыродны валун.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

9 мая 1985 года на перакрыжаваннi вулiц Калгаснай i Трактарнай былі высаджаны ў 4 рады сорак бяроз i адкрыты памятны знак: на пастаменце (3 х 3м) прыродны валун (1,5 м), на якiм замацавана металiчная дошка з надпiсам: “Сквер закладзены ў азнаменаванне 40-годдзя Перамогi Савецкага народа ў Вялiкай Айчыннай вайне”.

Мемарыяльны комплекс лётчыкам дальняй авiяцыi

IMG_0332Месцазнаходжанне: вул.Чурылiна.

Тыпалагiчная прыналежнасць: помнiк гiсторыi.

Час адкрыцця: 1991 год.

Матэрыял: жалезабетон, чыгун.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У 1941 годзе па загаду Сталiна ў Падмаскоўным г.Монiна быў сфармiраваны 203-i гвардзейскi полк цяжкiх бамбардзiроўшчыкаў дальняй авiяцыi, якi камплектаваўся лепшымi лётчыкамi  грамадзянскай i палярнай авiяцыi. Ужо ў пачатку жнiўня 1941 года полк нанёс свой першы бомбавы ўдар на Берлiн.

10 экiпажаў пад кiраўнiцтвам камбрыга М.Вадап’янава паспяхова справiлiся з гэтай задачай. 11 лётчыкаў палка сталi Героямi Савецкага Саюза. Пасля вайны да 1944 года полк размяшчаўся ў Баранавiчах, дзе ў 1991 годзе, на тэрыторыi яго дыслакацыi, быў адкрыты мемарыяльны комплекс у памяць аб лётчыках палка. Комплекс быў адкрыты да 50-годдзя з моманту стварэння палка. У 2001 годзе ён быў асвечаны свяшчэннiкам праваслаўнай царквы Маскоўскай Патрыярхii Канстанцiнам.

У цэнтры на невялiкай гарызантальнай пляцоўцы, да якой вядуць ступенi, усталявана вертыкальная ў плане частка сцяны, на якой зроблены выявы эмблемнага знака паветраных сiл i ордэнскай стужкi з лiчбамi 1941-1991. Ад яе ўправа i ўлева адыходзяць стылiзаваныя зубцы, падобныя да зубцоў Крамлёўскай сцяны, у якiх ва ўглубленнях пералiчаны iмёны Герояў Савецкага Саюза i загiнуўшых лётчыкаў, якiя змагалiся ў радах 203-га палка.

IMG_0336Некалькi збоку злева на металiчнай канструкцыi ўстаноўлены макет цяжкага бамбардзiроўшчыка, на якiм лётчыкi змагалiся супраць фашыстаў у першыя днi вайны.

Помнік воінам-артылерыстам

pushkaМесцазнаходжанне: вул. Брэсцкая, у скверы.

Тыпалагiчная прыналежнасць: помнiк гiсторыi.

Час адкрыцця: 2004г.

Матэрыял — сiлумiн, жалезабетон, пушка.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

8 чэрвеня 1944 г. у ходзе аперацыі “Баграціён” г. Баранавічы быў вызвалены ад нямецка-фашысціх акупантаў. У вызваленні горада з 28 вайсковых фарміраванняў, атрымаўшых ганаровае найменне “Баранавіцкіх”, 8 былі артылерыйскімі, з 18 фарміраванняў, узнагароджаных ардэнамі і медалямі , 7 таксама былі артылерыйскімі.

1455-ы 1508-ы самаходна-артылерыйскія палкі, 157-ая армейска-пушачная брыгада, 530-ы армейскі знішчальна-супрацьтанкавы артылерыйскі полк, 431-ы, 133-і, 183-і мінаметныя палкі і 2-ая гв.зенітна-артылерыйская дывізія атрымалі найменне “Баранавіцкіх”, 922-і самаходна-артылерыйскі полк узнагароджаны ордэнам А. Неўскага, 62-і, 316-ы, 12-ы гв.мінамётныя палкі, 255-ы зенітна-артылерыйскі полк і 88-ы асобны гв. мінамётны і 4-ы асобны гв.знішчальна-супрацьтанкавыя дэвізіёны- ордэнам Чырвонага Сцяга.

У гонар воінаў-артылерыстаў, вызваляўшых г. Баранавічы 8 чэрвеня 1944 г. да 60-годдзя вызвалення Беларусі на невысокім пастаменце была ўстаноўлена пушка часоў вайны.

Памятны знак у гонар партызан Баранавіцкага партызанскага злучэння

IMG_0230Месцазнаходжанне: вул. Чкалава, у скверы.

Час адкрыцця: 2003 г.

Тыпалагічная прыналежнасць, форма: помнік гісторыі, манумент.

Матэрыял: жалезабетон, сiлумiн.

Аўтар: архiтэктар Б.Тумашчык.

Гістарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У першыя месяцы акупацыi жыхары Баранавiцкага края пачалi барацьбу супраць фашыстаў. Невялiкiя групкi людзей паступова аб’ядноўвалiся ў атрады, якiя затым увайшлi ў склад брыгад. К вясне 1943 года ў краi дзейнiчала Баранавiцкае партызанскае злучэнне, якое налiчвала больш за 30 тысяч народных мсцiўцаў. Узначальваў злучэнне Чарнышоў Васiль Яфiмавiч, Герой Савецкага Саюза. 8 лiпеня 1944 партызаны прынялi актыўны удзел у вызваленнi г.Баранавiчы ад ворага.

Да 60-годдзя з дня ўтварэння злучэння ў скверы быў адкрыты помнiк. На невысокiм паўкруглым брустверы, якi акаймляе ўмоўную зямлянку, па перыметру змешчана 10 дошак з сiлумiна, на якiх пералiчаны партызанскiя зоны, брыгады i спецыяльныя атрады, якiя ўваходзiлi ў зоны, указаны прозвiшчы камандзiраў зон i колькасць партызан, змагаўшыхся ў iх, змешчана iнфармацыя аб дзейнасцi Баранавiцкага партызанскага злучэння:

— у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці дзейнічала Баранавіцкае партызанскае злучэнне, якое ўзначальваў Чарнышоў Васіль Яфімавіч;

— на пачатак ліпеня 1944 года ў склад Баранавіцкага партызанскага злучэння ўваходзілі:

— у Івянецкай зоне — 5500 партызан, камандзір Сідорак Р.А. Брыгады: За Савецкую Беларусію, імя П.К. Панамарэнкі, І.В.Сталіна, М.А.Шчорса, В.П.Чкалава, асобныя атрады імя П.А. Алыбіна, М.І. Кутузава, 106-ы;

— у Лідскай зоне — 4200 партызан, камандзір Гапееў Я.Д., брыгады 1-ая Баранавіцкая, «Уперад», імя Неўскага, Ф.Э. Дзяржынскага, С.М.Кірава, В.П.Чкалава;

— у Паўднёвай зоне — 2400 партызан, камандзір Баранаў Ф.А., брыгады 20-ая імя В.С.Грызадубавай, 19-ая імя В.М. Молатава, 18-ая імя М.В. Фрунзе, асобныя атрады імя А.А. Жданава,С.М. Кірава, 620-ы імя В.І.Чапаева, 200-ы;

— у Стаўбцоўскай зоне — 3550 партызан, камандзір Царук У.З. Герой Савецкага Саюза, брыгады 1-ая Беларуская Кавалерыйская, «Камсамолец», 25 год БССР, Першамайская, імя Г.К.Жукава, А.В.Суворава;

— у Слонімскай зоне — 808 партызан, брыгада імя К.К.Ракасоўскага;

— у Шчучынскай зоне — 3200 партызан, камандзір Шупеня С.П., брыгады імя Ленінскага камсамола, К.Я. Варашылава, Ленінская, «Перамога»;

— самастойныя фарміраванні — 1573 партызаны: брыгада «Няўлоўныя», атрады «Слаўны», «Навартары».

Падпольныя групы горада і раёна — групы спецыяльнага назначэння: Авангард, Буравеснік, Дружба, Знішчальнік, Арлы, Імклівы, Баявыя, Верныя, Зяблікава, Пераможац, Наватары, імя Банава І.М. Героя Савецкага Саюза.

Памятны знак у памяць аб 3400 вязнях Баранавiцкага гета, расстраляных у раёне “Зялёнага маста” вясной 1942 года

IMG_0369Месцазнаходжанне: вул. Пралетерская.

Час адкрыцця: 2009 г.

Матэрыял: гранiт, мармур, чыгун.

Аўтары: архiтэктар Л. Левін.

Гiстарычныя звесткi:

У 1942 годзе ў г.Баранавiчы было створана гета, куды сабралі сем’i яўрэяў, пасля чаго пачалiся расстрэлы. Забiтых закапвалi ў траншэях каля в. Грабавец, “Зялёнага Маста” i на вул. Рагулi. У снежнi 1942 года ўсе вязні гета былі знішчаны.

Памятны знак у гонар Халасцякова Г.М., Героя Савецкага Саюза

holostyakovaМесцазнаходжанне: вул.Халасцякова.

Тыпалагiчная прыналежнасць, форма: помнiк гiсторыi, памятны знак.

Час адкрыцця: 2002 г.

Аўтар-архітэктар: Б.Тумашчык.

Матэрыял: прыродны валун, сiлумiн, чыгун.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

Халасцякоў Георгiй Мiкiтавiч (1902-1983) – ураджэнец г.Баранавiчы, яго ганаровы грамадзянiн, знакамiты i таленавiты флатаводзец у гады Вялiкай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза, узнагароджаны медалямi i ардэнамi Савецкага Саюза i многiх замежных дзяржаў.

У 1984 г. вул. Капернiка была перайменавана ў вул.Халасцякова з адкрыццём на доме №2 мемарыяльнай дошкi, а ў 2002г. да 100-годдзя з дня нараджэння Халасцякова на вулiцы яго iмя быў адкрыты памятны знак.

На прыродным валуне (вышыня 1,2 м) замацавана металiчная дошка з сiлумiна, зробленая ў выглядзе паруса, з надпiсам «Вулiца названа ў гонар Халасцякова Георгiя Мiкiтавiча, вiцэ-адмiрала, Героя Савецкага Саюза, ураджэнца і ганаровага грамадзянiна г.Баранавiчы». Побач з валуном на ланцугу замацаваны якар.

Памятны знак вязням Баранавiцкага гета

DSCN3133Месцазнаходжанне вул. Царука на месцы знаходжання ў 1941-42г.г. Баранавiцкага гета.

Тыпалагiчная прыналежнасць, форма: помнiк гiсторыi, памятны знак.

Час адкрыцця: 2002 г.

Матэрыял: прыродны валун, сiлумiн.

Аўтар: архiтэктар Б.Тумашчык.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У 1941 годзе нямецка-фашысцкія акупанты ўтварылі ў цэнтры г.Баранавічы яўрэйскае гета. Каля 11 кварталаў у межах вуліц Багдановіча, Міцкевіча, Гагарына, Царука і другіх былі абнесены калючым дротам. У гета было кінута больш за 12 тысяч жыхароў горада, якія былі расстраляны ў перыяд з сакавіка па снежань 1942 г. Да 60-годдзя з гэтай крывавай падзеі ў снежні 2002 года на адным з месцаў знаходжання гета быў адкрыты памятны знак.

На прыродным валуне вышынёй за 1,6 метра замацавана памятная дошка з сілуміна ў выглядзе неправільнага шасцівугольніка, перавітага калючым дротам, з надпісам: «У 1941-42 гг. у г.Баранавічы знаходзілася яўрэйскае гета, у якім загінула 12 тысяч грамадзян».

На асноўным валуне, а таксама яшчэ на 11 валунах, раскінутых у скверы, замацаваны сімвалічныя апаўшыя кляновыя лісткі, як сімвалы загубленных 12 тысяч людзей.

Брацкая магiла савецкiх воiнаў i партызан (351 чал.)

IMG_0301Месцазнаходжанне: вул.Загарадная, могiлкi.

Тыпалагiчная прыналежнасць: помнiк гiсторыi.

Час адкрыцця: 1955, 1963, перабудаваны ў 1985 годзе.

Матэрыял: мармур.

Аўтар: архiтэктар Л.Макарэвiч.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

Помнiкi гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны.

У брацкай магiле (6 м х 17 м) пахаваны воiны i партызаны, якiя загiнулi ў асноўным у 1944 г. пры вызваленнi Беларусi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў. 43 прозвiшчы загiнуўшых не вядомы.

Разам з тым у магiле пахаваны астанкi воiнаў, загiнуўшых у 1941-42 гг. (былi перанесены з месца баёў) i ў 1945-47 гг. (загiнуўшыя па-за межамi рэспублiкi ў час вайны i пры выкананнi службовых абавязкаў). У 1955 годзе на магiле быў адкрыты помнiк з бетону, якi быў перабудаваны ў 1964 г., а затым у 1985 г.

На пастаменце, аблiцованым шэрага колеру мармуровымi плiтамi, устаноўлена белая мармуровая стэла (7,5 м) у выглядзе трох штыкоў з замацаванымi на iх дзвюма плiтамi -сiмвалiчнымi старонкамi разгорнутай кнiгi з пералiкам прозвiшчаў загiнуўшых воiнаў i партызан.

Сумесны праект «Нк» i аддзела ідэалагічнай работы,  культуры і па справах моладзі Баранавiцкага гарвыканкама.

Выкарыстаны звесткi з кнiгi  “Памяць. Баранавiчы. Баранавiцкi раён”, Мн, 2000.

Помнікi архітэктуры ў Баранавiчах (карта, фота)

Воiнскiя пахаваннi ў г. Баранавiчы (фота)

Мемарыяльныя дошкi Вялiкай Айчыннай вайны ў г. Баранавiчы (карта, фота)

Помнiкi гiсторыi i памятныя знакi ў Баранавiчах

0

Также на нашем сайте

  • Праект «Нк»: Пераможны год24.02.2015 Праект «Нк»: Пераможны год (1)
    Расказваць пра тыя часы, калі вайна ад нашых мясцін пакацілася на захад, нам дапамагае папярэдніца «Нашага краю» – пасляваенная баранавіцкая газета «Чырвоная звязда». Сёння мы пагартаем […]
  • Новы праект «Нк» — «Пераможны год»23.01.2015 Новы праект «Нк» — «Пераможны год» (0)
    9 мая 1945 года стала, бадай, самай светлай і памятнай датай сучаснасці. Нашы бацькі і дзяды, матулі і бабулі рабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб наблізіць гэты дзень. Тыя часы, калі […]

Комментарии

  • Евгений Д. пишет:

    Хорошее начало,ждём продолжения

    Рейтинг комментария:Vote +1+4Vote -10
    Ответить
    Ответить с цитированием
  • Жыхар пишет:

    Малайцы

    Рейтинг комментария:Vote +1+5Vote -10
    Ответить
    Ответить с цитированием
  • Юра пишет:

    Как раз проект делаю на эту тему , спасибо за информацию , НК !

    Рейтинг комментария:Vote +1+4Vote -10
    Ответить
    Ответить с цитированием

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *