Наверх

Помнiкi гiсторыi i памятныя знакi ў Баранавiчах

18.07.2016 Комментариев нет 902 Наш край

ПОМНІК ЛЕНІНУ У.І.

gorod_02Месцазнаходжанне – пл. Ленiна.
Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік гiсторыi.
Час адкрыцця – 1960 г.
Матэрыял – жалезабетон, мармур, гранiт, бронза.
Аўтары – скульптар М. Альтшулер, архiтэктары С. Ожагаў, М. Мiлавiдаў, А. Марэнiч.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

Устаноўлены ў 1960 годзе (скульптар – М. Альтшулер, архiтэктары – М. Мiлавiдаў, С. Ожагаў, А. Марэнiч; бронза, гранiт, агульная вышыня 11,2 м, вышыня фiгуры – 4,6 м).

На ступеньчатым стылабаце, на высокiм пастаменце ў стрыманым руху фiгура У.I. Ленiна. Твар у дакладных партрэтных i разам з тым абагульненых формах. Пры сцiплых памерах i прарысоўцы дэталей помнiк вызначаецца выразнасцю i манументальнасцю.

Помнiк Рэспублiканскага значэння.

ПОМНІК ГРЫЦАЎЦУ С.І., ПЕРШАМУ ДВОЙЧЫ ГЕРОЮ САВЕЦКАГА САЮЗА.

gorod_11Месцазнаходжанне – вул. Камсамольская, уваход у парк iмя 30-годдзя УЛКСМ.
Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік гiсторыi.
Час адкрыцця – 1949 г.
Матэрыял – граніт, бронза.
Аўтары – скульптар З. Азгур, архiтэктар У. Борман.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

Грыцавец Сяргей Iванавiч (6.07.1909–16. 09.1939) нарадзiўся ў в. Бараўцы Баранавiцкага раёна (цяпер – з 2012 г. – г. Баранавічы) Брэсцкай вобласцi. Закончыў Арэнбургскую ваенную школу лётчыкаў (1932) i школу паветранага бою (1936). Лётчык-знiшчальнiк, камандзiр авiязвяна, атрада, знiшчальнага авiяпалка. Удзельнiк вайны ў Iспанii (1936–1939 гг.). Збiў 30 самалётаў ворага. Толькi ў час аднаго з баявых вылетаў знiшчыў адразу 7 самалётаў ворага. 22.02.1939 г. маёр Грыцавец С.I. атрымаў першае званне Героя Савецкага Саюза.

У 1939 годзе ўдзельнiк баёў на р. Халхiн-Гол (збiу 12 самалётаў працiўнiка). 26.06.1939 г. у час бою прызямлiўся ў распалажэнне ворага i выратаваў ад палону камандзiра Забашчава, самалёт якога быў падбiты. 28.08.1939 г. у лiку першых атрымаў другую Зорку Героя. Загiнуў у авiякатастрофе ў п. Балбасава Аршанскага раёна Вiцебскай вобласцi.

У Мiнску, Баранавiчах, Балбасаве, в. Моўчадзь Баранавiцкага раёна яму пастаўлены помнiкi.

Помнiк у г. Баранавiчы (скульптар З. Азгур, архiтэктар У. Борман) адкрыты ў 1949 г. На гранiтным шэра-ружовага колеру пастаменце (2,4 м) – пагрудны бронзавы бюст (1,15 м) героя. Мужны энергiчны твар, распраўленыя плечы падкрэслiваюць героiку вобраза. Свiтар з высокiм каўняром i тужурка з дзвюма Зоркамi Героя – дэталі, якiя ўдакладняюць характарыстыку героя. На пастаменце выява герба СССР, двух Зорак i радкi з Пастановы СМ СССР аб узнагародзе Грыцаўца С.I. дзвюма Зоркамi Героя Савецкага Саюза.

ПОМНІК ВОІНАМ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІСТАМ.

gorod_22Месцазнаходжанне – вул. Пiрагова.
Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік.
Час адкрыцця – 1994 г.
Матэрыял – граніт, жалеза.
Аўтары – архітэктар I. Марозаў, скульптар Л. Яшчанка.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У час ваенных падзей у Афганiстане з 1979 па 1989 гады загiнула 15 ураджэнцаў г. Баранавiчы i раёна: Астрэлiн Аляксандр (1959–1986), Богуш Сцяпан (1964–1983), Буза Аляксандр (1967– 1986), Грудзiнкiн Юрый (1948–1982 ), Гук Iгар (1964–1986), Калодка Аляксандр (1964–1983), Кеба Сяргей (1962–1984), Коўтун Уладзiмiр (1954– 1987), Кудрук Сяргей (1964–1982), Марозаў Аляксандр (1959–1985), Новiкаў Валяр’ян (1951–1986), Прамушка Аляксандр (1961–1982), Раханаў Вiталь (1964–1985), Самойлаў Алег (1967–1987).

Помнiк адкрыты ў 1994 годзе (скульптар Л. Яшчанка, архiтэктар – I. Марозаў). Неапрацаваная шэра-ружовага колеру гранiтная глыба (4 м), увенчаная фiгуркай (1м) воiна, у якога на апошнiм кроку да перамогi трапiла куля. У падножжы глыбы – пліты з пералiкам iмён загiнуўшых, 15 падсвечнiкаў i ваза для кветак.

ПАМЯТНЫ ЗНАК НА МЕСЦЫ ВЫСТУПЛЕННЯ РАБОЧЫХ І САЛДАТАЎ У 1905 ГОДЗЕ.

gorod_25Месцазнаходжанне: вул.Фралянкова, прывакзальная плошча.
Тыпалагiчная прыналежнасць, форма – помнік гiсторыi, памятны знак.
Час стварэння – 1986 год.
Матэрыял – неапрацаваны гранiт, сiлумiн.
Аўтары – архітэктар Б. Тумашчык, мастак У. Рамейка.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

07.12.1905 г. Маскоўскi савет аб’явiў палiтычную стачку, якая праз два днi перарасла ва ўзброенае паўстанне. Выступленне маскоўскага пралетарыяту падтрымалi працоўныя Беларусi. 8 снежня пад кiраўнiцтвам групы РСДРП пачалася палiтычная стачка баранавiцкiх чыгуначнiкаў, 9 снежня рабочыя начале са старшынёй камiтэта Баранавiцкага аддзялення Усерасiйскага чыгуначнага саюза iнжынерам М.М. Ляпко вывелi са строю апаратуру паштова-тэлеграфнай канторы. Спынiўся рух цягнiкоў.

На мiтынгах i дэманстрацыях з заклiкам да ўзброенай барацьбы выступiў прадстаўнiк Маскоўскага Савета. 11 снежня на пляцы сабралiся рабочыя дэпо, салдаты чыгуначнага батальёна, моладзь. Генерал Арцем’еў загадваў разагнаць удзельнiкаў мiтынгу. Рабочыя сарвалi з яго пагоны, паламалi шашку. Калi афiцэры, якiя суправаджалi генерала, пачалi страляць i паранiлi некалькi чалавек, узброеныя рабочыя адказалi агнём.

З загадам задушыць выступленне ў Баранавiчы 12 снежня прыбыў атрад палкоўнiка Рэрберга, 13 снежня – парны атрад генерала Арлова. У Баранавiчах увялi ваеннае становiшча, пачалiся масавыя арышты. У Вiленскую турму былi кiнуты кiраўнiкi i актыўныя ўдзельнiкi выступлення К. Гайдамовiч, М. Мухiн, А. Друкаў, I. Бачэўскi, С. Здасель, М. Ляпко i iнш. Рух на чыгунцы быў адноўлены 16 снежня, але хваляваннi рабочых i салдат працягвалiся амаль да сярэдзiны 1907 года.

Памятны знак адкрыты ў 1986 годзе (архiтэктар – Б. Тумашчык, мастак – У. Рамейка). На невялiкай пляцоўцы ўстаноўлена неапрацаваная гранiтная ружовага колеру плiта вышынёй 2,1м, на якой замацаваны два круглыя барэльефы дыяметрам 1м з сiлумiну. На лiцавым – выява галавы салдата з рукой, працягнутай уперад, i надпiс: «Баранавiчы, 1905»; на адваротным – выява двух штыкоў, стужак, завязаных на iх у бант, надпiс: “Тут, на станцыi Баранавiчы-Палескiя, у 1905 г. з 9 па 13 снежня праходзiла забастоўка рабочых i салдат чыгуначнага батальёна. Забастоўка з’явiлася састаўной часткай агульнарасiйскага рэвалюцыйнага руху».

ПАМЯТНЫ ЗНАК У ГОНАР ПЕРШАГА ГЕРОЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ КАРВАТА У.М.

gorod_26Месцазнаходжанне – вул. Чурылiна, сквер.
Тыпалагiчная прыналежнасць, форма – помнiк гiсторыi, памятны знак.
Аўтары – архiтэктар Б. Тумашчык.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

Карват Уладзiмiр Мiкалаевiч (28.10.1958 – 23.05.1996 гг.) нарадзiўся ў г. Брэсце, закончыў Армавiрскае ВЛВ у 1981 г. З 18.01.86 г. – летчык вышэйшага класа.

У Ваенна-паветраных сiлах – з 05.08.77 г., з 12.10.94 г. – начальнiк паветрана-вогненнай і тактычнай падрыхтоўкi ў в/ч г. Баранавiчы. Агульны налёт – 1 226 гадзiн.

23.05.96 г. у час палета на самалёце СУ-27 узнiк пажар. Быў атрыманы загад катапульцiравацца. Але на шляху пылаючага самалёта знаходзiлicя вёскi. Лётчык Карват У.М. цаной свайго жыцця выратаваў жыццё дзесяткаў жыхароў вескi.

Загадам № 484 ад 21.11.1996 г. Прэзiдэнта Рэспублікі Беларусь за мужнасць i гераiзм У. Карвату пасмяротна прысвоена званне «Герой Беларусi».

У 2002 годзе ў скверы iмя Героя быў устаноўлены памятны знак. На прыродным валуне замацавана дошка з сiлумiну з надпiсам: «Мемарыяльны сквер названы ў гонар лётчыка Карвата Уладзiмiра Мiкалаевiча, першага Героя Беларусi» i выявай эмблемы летных войскаў.

ПАМЯТНЫ ЗНАК У ГОНАР МАЦІ.

gorod_27Месцазнаходжанне – пр-т Савецкi.
Тыпалагiчная прыналежнасць, форма – помнік гiсторыi i мастацтва, памятны знак.
Час адкрыцця – 2004 г.
Матэрыя – прыродны валун.
Аўтары – мастак С. Груша, архiтэктар Б. Тумашчык.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У красавiку 2001 г. жанчыны г. Баранавiчы залажылi ў Паўночным мiкрараёне ўздоўж праспекта Савецкага Алею Мацi, дзе пасадзiлi маладыя дрэўцы лiпы і каштана.

14 кастрычнiка 2004 года ў Дзень Мацi ў алеi быў адкрыты памятны знак у гонар Мацi. На прыродным валуне (1,8 м) высечаны дзве рукi, якiя трымаюць у далонях кроплю вады з адлюстраваннем твару дзiцяцi. Унiзе на плiце ля падножжа валуна змешчана надпiсь: «Я толькi кропелька ў тваiх крынiцах, мама».

ПАМЯТНЫ ЗНАК У ПАМЯЦЬ АБ АХВЯРАХ РЭПРЭСІЙ 1939–1953 ГГ.

gorod_28Месцазнаходжанне: вул. Крупскай.

Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік гiсторыi.
Час адкрыцця – 1989 г.
Матэрыял – сілумін.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У 1939–1953 гг. у час сталінскіх рэпрэсій было выслана з горада і загінула ў лагерах, расстраляна і закатавана ў турмах больш за 400 жыхароў горада Баранавічы.

У памяць аб гэтых людзях і падзеях у скверы быў устаноўлены крыж вышынёй каля 10 м з надпісам: «Ахвярам рэпрэсій 1939–1953 гг.”

ПАМЯТНЫ ЗНАК, ПРЫСВЕЧАНЫ АДКРЫЦЦЮ Ў Г. БАРАНАВІЧЫ ПЕРШАГА КІНАТЭАТРА Ў 1909 ГОДЗЕ.

gorod_29Месцазнаходжанне – вул. Савецкая, 66, гiстарычны цэнтр горада.
Тыпалагiчная прыналежнасць – помнiк.
Час адкрыцця – 2001 г.
Матэрыял – сiлумiн.
Архiтэктары – Б. Тумашчык, мастак Л. Чувак.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У 1909 годзе Баранавiчы развiвалiся як буйны чыгуначны вузел i мелi статус мястэчка. У сувязi з неабходнасцю развiцця культурных паслуг улады вырашылi адкрыць электратэатр «Эдемъ» (у перакладзе “Рай”).

Кiнатэатр быў адкрыты на адной з галоўных вулiц – Марыiнскай.

У 2001 годзе да 130-годдзя г. Баранавiчы быў адкрыты памятны знак (архiтэктар – Б. Тумашчык, мастак – Л. Чувак) у выглядзе прамавугольнай срэбнага колеру сiлумiнавай дошкi, увенчанай зверху стылiзаванай барэльефнай кiнастужкай, з надпiсам: “У гэтым будынку ў 1909 годзе быў адкрыты першы кiнатэатр”. На стужцы – надпіс “Электротеатръ “Эдемъ”.

ПАМЯТНЫ ЗНАК, ПРЫСВЕЧАНЫ ВЫДАННЮ ПЕРШАЙ БАРАНАВІЦКАЙ ГАЗЕТЫ Ў 1912 ГОДЗЕ.

gorod_30Месцазнаходжанне – вул. Савецкая, 80, гiстарычны цэнтр горада.

Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік гiсторыi.
Час адкрыцця – 2001 г.
Матэрыял – сiлумiн.
Аўтар – архiтэктар Б. Тумашчык.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У сувязi з ростам м. Баранавiчы i iмклiвым развiццём яго iнфраструктуры з’явiлася неабходнасць у выданнi газеты. Першая газета “Баранавiцкi лiсток аб’яў” выйшла ў 1912 годзе як iнфармацыйна-даведачная, была бясплатнай, змяшчала мясцовыя навiны, платныя аб’явы i рэкламу, рэпертуар кiнатэатра “Эдемъ” i iнш. Выпускалася адзiн раз у тыдзень.

У 2001 годзе – да 130-годдзя г. Баранавiчы быў адкрыты памятны знак (архiтэктар – Б. Тумашчык, мастак – Л. Чувак) у выглядзе першай старонкi першай Баранавiцкай газеты, дзе ўверсе дадзена буйным шрыфтам яе назва “Барановичскiй Листокъ объявленiй”, а зместам – даведка: “Тут, у былой друкарнi Рубiнштэйна, 3 кастрычнiка 1912 года была выдадзена першая газета”.

ПАМЯТНЫ ЗНАК, ПРЫСВЕЧАНЫ ГIСТОРЫI ВУЛIЦЫ САВЕЦКАЙ.

1099Месцазнаходжанне – вул. Савецкая, 69, гiстарычны цэнтр горада. Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік гiсторыi.
Час адкрыцця – 2001 год.
Матэрыял – сілумін.
Аўтары – архiтэктар – Б. Тумашчык, мастак – Л. Чувак.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У залежнасцi ад змены улады ў г. Баранавiчы 7 разоў мянялася назва адной з галоўных вулiц горада. У 1884 годзе ў час адкрыцця гэта вул. Марыiнскай (у гонар Марыi – дочкі ўладальнiкаў гэтых зямель Развадоўскiх); у гады Першай сусветнай вайны – Хауптштрассе (галоўная вулiца); з прыходам у горад у 1919 годзе савецкай улады – Савецкая; у 1921–1939 гг., у час бела-польскай акупацыі, – вул. Шэптыцкага (па прозвiшчы польскага палiтыка); у 1939–1941 гг. – вул. вул. Савецкая; у 1941–1944 гг., у час нямецка-фашысцкай акупацыi, – вул. Марыiнская; з 1945 года – вул. Савецкая.

Знак выкананы з 7 металiчных срабрыстага колеру стылiзаваных пад паралелаграм аднолькавых па велiчыні пласцiн з назвай вулiцы ў тыя цi iншыя гады, напiсанай на афiцыйных для таго часу мовах: рускай, нямецкай, польскай, беларускай. Знак адкрыты ў 2001 годзе да 130-годдзя г. Баранавiчы.

ПАМЯТНЫ ЗНАК У ПАМЯЦЬ АБ НАВЕДВАННІ Г. БАРАНАВІЧЫ ПАТРЫЯРХАМ МАСКОЎСКІМ І ЎСЯЕ РУСІ АЛЕКСІЕМ ІІ.

11 IMG_0252Месцазнаходжанне: перакрыжаванне пр-та Савецкага з Брэст-Маскоўскай шашой.
Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік гiсторыi.
Час адкрыцця – 2002 год.
Матэрыял – сілумін, прыродны валун.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У 2002 годзе праваслаўная абшчына горада прыняла рашэнне аб будаўніцтве ў Баранавічах царквы Жон-Міраносіц. 20 мая 2002 года горад наведаў Патрыярх Маскоўскі і Усея Русі Алексій ІІ, які правёў багаслужэнне і заклаў капсулу з памятным пісьмом у фундамент будучага храма.

У памяць аб гэтай знамянальнай падзеі на месцы ўезда Патрыярха ў горад быў устаноўлены памятны знак – праваслаўны крыж і прыродны валун, на якім замацавана дошка з надпісам: “Крыж асвечаны Свяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і Усяе Русі Алексіем ІІ 20 мая 2002 года”.

ПАМЯТНЫ ЗНАК У ГОНАР П. КАРОЛІКА, ПЕРШАГА ДЫРЭКТАРА БЗАЛА.

gorod_03Месцазнаходжанне – вул. Кароліка.
Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік гiсторыi, памятны знак.
Час адкрыцця – 2002 год.
Матэрыял – бутавы камень, сілумін.

ПАМЯТНЫ ЗНАК У ГОНАР Г. КАРЛАВА – ПАБРАЦIМА Г. БАРАНАВIЧЫ.

gorod_04Месцазнаходжанне – вул. Фралянкова, прывакзальная плошча.
Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік гiсторыi.
Час адкрыцця – 2002 год.
Матэрыял – жалезабетон, чыгун, сілумін.
Аўтар – архітэктар Б. Тумашчык.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У 80-я гады, умацоўваючы дружалюбныя адносiны, многiя гарады “пабраталiся”. Адным з пабрацiмаў г. Баранавiчы ў далейшым стаў балгарскі горад Карлава.

У памяць аб гэтай падзеi ў 2002 годзе прывакзальная плошча на станцыі Баранавічы-Палескія атрымала імя Карлава, дзе быў адкрыты памятны знак у гонар гарадоў-пабрацімаў.

На невысокім пастаменце на гарызантальнай металічнай пліце – выява гербаў г. Карлава і г. Баранавічы і надпіс: “Плошча названа ў гонар балгарскага горада Карлава – пабраціма г. Баранавічы”. Па перыметру знака ўсталявана стылізаваная металічная агароджа.

ПАМЯТНЫ ЗНАК У ГОНАР Г. БЯЛА-ПАДЛЯСКА – ПАБРАЦІМА Г. БАРАНАВІЧЫ.

gorod_05Месцазнаходжанне – вул. Баранава, сквер.
Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік гiсторыi.
Час адкрыцця – 2003 г.
Матэрыял – прыродны валун, сiлумiн.
Аўтар – архітэктар Б. Тумашчык.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У 80-я гады з мэтай умацавання дружалюбных адносiн многiя гарады “пабраталiся”. У далейшым пабрацiмам г. Баранавiчы стаў польскі горад Бяла-Падляска.

У памяць аб гэтай падзеi ў 2003 годзе аднаму са сквераў горада па вул. Баранава было нададзена імя г. Бяла-Падляска, дзе быў адкрыты памятны знак – прыродны валун, на якiм замацавана металічная пліта з выявай гербаў г. Баранавічы і г. Бяла- Падляска з надпісам: “Сквер названы ў гонар польскага горада Бяла-Падляска – пабраціма г. Баранавічы”.

ПАМЯТНЫ ЗНАК У ГОНАР ГОРАДА ШАУЛЯЙ – ПАБРАЦІМА ГОРАДА БАРАНАВІЧЫ.

gorod_06Месцазнаходжанне – мікрараён “Тэксер”, сквер.
Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік гiсторыi.
Час адкрыцця – 2000 г.
Матэрыял – прыродны валун, сілумiн.
Аўтар – архітэктар Б. Тумашчык.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У 80-я гады, умацоўваючы дружалюбныя адносiны, многiя гарады “пабраталiся”. У далейшым пабрацiмам г. Баранавiчы стаў літоўскі г. Шаўляй.

У памяць аб гэтай падзеi ў 2000 годзе аднаму са сквераў горада ў мікрараёне Тэксер было нададзена імя г. Шаўляя, дзе быў адкрыты памятны знак – прыродны валун, на якiм замацавана металічная пліта з выявай стылізаванай карты Рэспублікі Літва і надпісам: “Сквер названы ў гонар літоўскага горада Шаўляй – пабраціма г. Баранавічы”.

ПАМЯТНЫ ЗНАК АБ АДКРЫЦЦІ БАРАНАВІЦКАГА ДЗЯРЖАЎНАГА ЎНІВЕРСІТЭТА.

gorod_07Месцазнаходжанне – вул. Войкава.
Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік гісторыі.
Час адкрыцця – 2004 г.
Аўтар – архітэктар Б. Тумашчык.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У 2004 годзе, згодна Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі ў г. Баранавічы быў адкрыты дзяржаўны універсітэт, у які ўвайшлі філіялы розных вышэйшых навучальных устаноў, якія на той час працавалі ў нашым горадзе.

Да дня адкрыцця універсітэта быў устаноўлены памятны знак: на прыродным валуне замацаваны світак (з сілуміну) з тэкстам з Указу аб адкрыцці ў г. Баранавічы дзяржаўнага універсітэта.

ПАМЯТНЫ ЗНАК У ГОНАР Г. ШТАКЕРАУ – ПАБРАЦІМА Г. БАРАНАВІЧЫ.

gorod_08Месцазнаходжанне – бульвар Штакерау.
Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік гiсторыi.
Час адкрыцця – 1996 г., заменена пліта ў 2015 г.
Матэрыял – жалезабетон, медзь.
Аўтар – архітэктар Б. Тумашчык.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

Памятны знак у гонар г. Штакерау – пабраціма г. Баранавiчы (гiст.). У 1980 годзе было падпiсана пагадненне аб пабрацiмскiх эканамiчных i культурных сувязях г. Баранавiчы з аўстрыйскiм г. Штакерау.

У гонар гэтай падзеі частка вул. Пiянерскай ад вул. Савецкай да вул. Гагарына была перайменавана ў бульвар Штакерау i закрыта для руху транспарту.

У цэнтры бульвара ў 1996 годзе быў адкрыты памятны знак (архiтэктар – Б. Тумашчык) у выглядзе цылiндрычнай канструкцыi з замацаванымi на ёй барэльефнымi выявамi гербаў г. Баранавiчы i г. Штакерау (дрэва).

ПАМЯТНЫ ЗНАК У ГОНАР ЛЮДЗЕЙ, ЯКІЯ ЗВЯЗАЛІ СВОЙ ЛЁС З АВІЯЦЫЯЙ.

gorod_09Месцазнаходжанне – вул. Войкава, сквер.
Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік гiсторыi, манумент.
Час адкрыцця – 1975 г.
Матэрыял – жалезабетон.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

Лёс многiх жыхароў г. Баранавiчы непарыўна звязаны з авiяцыяй. Доўгi час тут размяшчаўся 11-ы корпус СПА, 203-i гвардзейскi цяжкiх бамбардзiроўшчыкаў, авiяполк дальняй авiяцыi i iнш.

У гонар тых, хто звязаў свой лёс з небам, у 1975 годзе на пастаменце быў устаноўлены баявы высотны пераймальнiк – знішчальнік супрацьпаветранай абароны.

ПАМЯТНЫ ЗНАК У ГОНАР 2000-ГОДДЗЯ ХРЫСЦІЯНСТВА.

gorod_10Месцазнаходжанне – пр-т Савецкі.
Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік гiсторыi.
Час адкрыцця – 2002 г.
Матэрыял – прыродны валун, сiлумiн.
Аўтар – архітэктар Б. Тумашчык.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У 2000 годзе ўсё праваслаўнае чалавецтва адзначала канец другога – пачатак трэцяга тысячагоддзя хрысціянства.

У азнаменаванне гэтай вялікай даты быў усталяваны памятны знак – 13 вялікіх і сярэдніх валуноў, на двух з якіх замацавана стылізаванае, выкаванае з металу сонца з надпісам: “Памятны знак устаноўлены ў гонар 2000-годдзя хрысціянства, 01.01.2001.”

ПАМЯТНЫ ЗНАК, ПРЫСВЕЧАНЫ ЗАСНАВАННЮ І РАЗВІЦЦЮ Г. БАРАНАВІЧЫ.

gorod_12Месцазнаходжанне – вул. Камсамольская.
Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік гiсторыi.
Час адкрыцця – 2006 г.
Матэрыял – прыродны валун, сiлумiн.
Аўтар – архітэктар Б. Тумашчык.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка. У 1884 годзе ўладальнікі маентка Баранавічы – граф Іван Аляксандравіч і графіня Лізавета Аляксандраўна Развадоўскія заснавалі на яго землях мястэчка Развадова, якое ў далейшым стала асновай будучага г. Баранавічы.

Да 135-годдзя Баранавічаў на месцы, дзе калісьці стаяў адзін з дамоў графа Развадоўскага, быў адкрыты памятны знак. На пастаменце, абліцаваным шэра-чырвоным мармурам, усталяваны круглы медальён з надпісамі: па цэнтры – “Развадоўскім – заснавальнікам мястэчка, стаўшага асновай будучага горада Баранавічы”, па кругу – “Удзячныя гараджане – людзям, зрабіўшым шмат добрых спраў для развіцця будучага горада.”

ПАМЯТНЫ ЗНАК У ГОНАР ЗАСНАВАННЯ ЧЫГУНАЧНЫХ СТАНЦЫЙ.

Месцазнаходжанне – вул. Фралянкова, прывакзальная плошча, ст. Баранавiчы-Палескiя. Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік гiсторыi.
Час адкрыцця, змены: 1971 г., 1986 г.
Матэрыял – жалезабетон.
Аўтары – архітэктар Б. Тумашчык, мастак – Ю. Сажыч.

Гістарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У 1871 годзе праз баранавiцкiя землi прайшла чыгунка, звязаўшая г. Маскву з г. Брэстам i даўшая жыццё ст. Баранавiчы-Цэнтральныя, у 1884 г. – чыгунка, звязаўшая г. Вiльна з г. Роўна i даўшая жыццё ст. Баранавiчы-Палескiя, пасля чаго Баранавiчы пачалi развiвацца як буйны чыгуначны вузел.

У 1986 годзе да 110-годдзя г. Баранавiчы i Беларускай чыгункi быў адкрыты помнiк. На жалезабетонным пастаменце (30 м х 2,6 м) устаноўлены паравоз ЭМ 710-30.

ПАМЯТНЫ ЗНАК У ГОНАР ГОРАДА ХЕЙНАЛА – ПАБРАЦІМА Г. БАРАНАВІЧЫ.

gorod_14Месцазнаходжанне – бульвар Хейнала.
Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік гiсторыi.
Час адкрыцця – 1987 г.
Матэрыял – прыродны валун, сiлумiн.
Аўтары – архітэктар Б. Тумашчык, мастак – А. Гецман.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка:

У 80-я гады, умацоўваючы дружалюбныя беларуска-фiнскiя адносiны многiя гарады “пабраталiся”. Пабрацiмам г. Баранавiчы стаў фiнскi горад Хейнала.

У памяць аб гэтай падзеi ў 1987 годзе быў адкрыты памятны знак – двухмятровы прыродны валун, на якiм дзве барэльефныя бронзавыя стужкi – выявы гербаў г. Баранавiчы i г. Хейнала (выява рысi) i зроблены надпiс на беларускай i фiнскай мовах: “Сквер названы ў гонар фiнскага горада-пабрацiма Хейнала”.

ПАМЯТНЫ ЗНАК, ПРЫСВЕЧАНЫ НАВЕДВАННЮ ГОРАДА БАРАНАВІЧЫ КАЙЗЕРАМ ВІЛЬГЕЛЬМАМ II.

gorod_15Месцазнаходжанне – вул. Савецкая, 72, на будынку краязнаўчага музея.

Тыпалагiчная прыналежнасць – помнік гiсторыi.
Час адкрыцця – 2001 г.
Матэрыял – сілумін.
Аўтар – архітэктар Б. Тумашчык.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне помнiка. Пасля шэрагу няўдач рускай армii Баранавiцкiя землi з восенi 1915 года апынулiся ў зоне баявых дзеянняў. Баранавiчы сталi сведкам адступлення рускiх войск на ўсход, а к канцу верасня горад быў заняты германскай армiяй. Яе штаб размясцiўся ў адным з будынкаў на вул.Марыiнскай (цяпер будынак краязнаўчага музея), куды з iнспекцыйнай мэтай наведваўся кайзер Вiльгельм II.

У 2001 годе да 130-годдзя г. Баранавiчы быў адкрыты памятны знак у выглядзе прамавугольнай дошкi з барэльефнай выявай перакрыжаваных нямецкага i рускага штыкоў i надпiсам: “У гэтым будынку ў гады Першай сусветнай вайны размяшчаўся штаб германскай армii, які ў 1916–1917 гг. двойчы наведваў кайзер Вiльгельм II”.

ПАМЯТНЫ ЗНАК, ПРЫСВЕЧАНЫ 50-ГОДДЗЮ ЗАСНАВАННЯ БУДАЎНІЧАГА ТРЭСТА № 25.

gorod_16Месцазназоджанне – вул. Камсамольская.
Помнік гісторыі, памятны знак – 2010 г.
Матэрыял – апрацаваны бутавы камень.

ПАМЯТНЫ ЗНАК У ГОНАР ДЫРЭКТАРА ААА “ТАРГМАШ” – ПАЎЛАВА М.Я.

gorod_17Месцазнаходжанне – вул. Чарнышэўскага.
Помнік гісторыі, памятны знак – 2013 г., архітэктар – Тумашчык Б.І., мармур.

ПАМЯТНЫ ЗНАК “ПАМЯЦІ САЎКО М.В.”

gorod_18Месцазнаходжанне – вул. М.В. Саўко.
Помнік гісторыі, памятны знак – 2013 год, архітэктар – Тумашчык Б.І., бутавы камень.

ПАМЯТНЫ ЗНАК “АХВЯРАМ ЭПІДЭМІЙ”.

gorod_19Месцазнаходжанне – вул. Прытыцкага (старыя могілкі).
Помнік гісторыі, памятны знак – 20-е ст.

ПАМЯТНЫ ЗНАК “ПІРАМІДАЛЬНЫЯ ДУБЫ”.

gorod_20Месцазнаходжанне – вул. Камсамольская.
Помнік прыроды, памятны знак, 2006 г.
Архітэктар – Б. Тумашчык.
Матэрыял – граніт, сілумін.

ПАМЯТНЫ ЗНАК ДЗЯРЖЫНСКАМУ Ф.Э.

gorod_21Месцазнаходжанне – вул. Дзяржынскага, 1.
Помнік гісторыі, памятны знак, 2015 г. – пераўстаноўка з а/г Мілавіды.

ПАМЯТНЫ ЗНАК “ПАЖАРНАЯ МАШЫНА” .

gorod_23Месцазнаходжанне – вул. Кірава, 64.
Помнік прыроды, памятны знак, 2014 г., макет пажарнай машыны.

“ДАМАВЫ ВЕРАБЕЙ – ПТУШКА 2003”

gorod_24Месцазнаходжанне – пл. Ленiна (ля фантана).
Тыпалагiчная прыналежнасць, форма – прыродаахоўны помнiк, малая архітэктурная форма.
Час адкрыцця – 2003 г.
Матэрыял – чыгун, бронза.
Матэрыял – прыродны валун.
Аўтары – мастак С. Цалюк, архiтэктар – Б. Тумашчык.

Гiстарычныя звесткi, апiсанне:

Верабей – род птушак сям’i ткачыкавых. Птушка невялiкая, даўжынёй 12-15 см. У самцоў большасцi вiдаў на горле чорная пляма. 18 вiдаў распаўсюджаны шырока. Амаль усе вераб’i жывуць стайкамi. Дамавы верабей – птушка, якая жыве побач з жыллем чалавека. 2003 год быў аб’яўлены Беларускай асацыяцыяй аховы птушак годам дамавога вераб’я.

У знак гэтай падзеi ў рамках выканання праграмы добраўпарадкавання горада ў цэнтры на пл. Ленiна была адкрыта малая архітэктурная форма, прысвечаная вераб’ю дамавому.

На невялiкiм пастаменце (труба санiтарнай выцяжкi 0,8 м вышыней) – бронзавая фiгурка вераб’я дамавога. На аснове трубы ўверсе по дыяметру надпic: «Не вырай вабiць, а Радзiма. Да нас ты назаўсёды прыляцеў». Некалькi вышэй – «Дамавы верабей – птушка 2003».

Сумесны праект «Нк» i аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Баранавiцкага гарвыканкама.

Фота Барыса НАВАГРАНА.

Выкарыстаны звесткi з кнiгi “Памяць. Баранавiчы. Баранавiцкi раён”, Мн., 2000.

 

Помнікi архітэктуры ў Баранавiчах (карта, фота)

Помнiкi i памятныя знакi Вялікай Айчыннай вайны ў г. Баранавiчы (карта, фота)

Воiнскiя пахаваннi ў г. Баранавiчы (фота)

Мемарыяльныя дошкi Вялiкай Айчыннай вайны ў г. Баранавiчы (карта, фота)

0

Также на нашем сайте

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *