Дваццаць першага лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Не сакрэт, што кожная нацыя лічыць сваю родную мову найбольш прыгожай, меладычнай, самай лепшай з усіх існуючых. І гэта сапраўды так: у свеце існуюць тысячы і тысячы розных моў, і яны не падобныя адна на другую, нягледзячы на тое што многія словы народы «займаюць» адзін у аднаго.
Любоў да роднай мовы выказалі і ліцэісты. У актавай зале навучальнай установы прайшло мерапрыемства “Мова народа – яго святыня”. Нагадаць вучням пра важнасць роднай мовы, паказаць яе моц — гэта было мэтай мерапрыемства. Са сцэны гучалі вершы знаёмых з дзяцінства аўтараў, песні аб прыгажосці роднага краю і нашай мовы. Вучням таксама быў паказаны рэпартаж, у якім гаварылася пра ролю мовы ў нашым жыцці, пра тое, што яна, нягледзячы на рэдкае выкарыстоўванне, застаецца такой жа жывой і мілай сэрцу беларуса — і не толькі! У рэпартажы прыводзіўся прыклад: студэнт па абмене, кiтаец, размаўляе шпарка і выразна па-беларуску, зусім як сапраўдны носьбіт мовы. Музыка, кіно, мультфільмы — ва ўсім гэтым знайшла водгук беларуская мова. Многія зарубежныя фільмы і мультфільмы перакладаюцца, у песнях часта можна пачуць знаёмыя словы.
Закраналася тэма вучобы: у нас існуюць школы, у якіх настаўнікі выкладаюць на чыстай беларускай мове. Усё больш сучасных пісьменнікаў і паэтаў твораць на беларускай мове, а кнігі і зборнікі такога тыпу ахвотна раскупляюцца. Удзельнікі мерапрыемства ўспомнілі таксама і тых зорак небасхілу беларускай літаратуры, творы якіх назаўжды застануцца ў сэрцы кожнага, хто шануе літаратуру: Максіма Багдановіча, Пятруся Броўкі, Максіма Танка, Ларысы Геніюш i іншых, а таксама іх творы.
Нельга было не закрануць і гісторыю нашай мовы: нягледзячы на тое што пры Рэчы Паспалітай польская мова шанавалася больш, а пасля далучэння да Расіі беларуская мова нават забаранялася, лічылася «мужыцкай», яна змагла захавацца да нашых дзён такой, якой мы можам бачыць і чуць яе зараз, і наша мэта — захаваць і перадаць будучым пакаленням гэты бясцэнны скарб.
У заключэнні мерапрыемства былі прачытаны вершы, якія напісала ў 1999 годзе выпускніца ліцэя — зараз яна працуе ўрачом-педыятрам. Канешне, не можа не радаваць тое, што сярод нас ёсць такія таленавітыя людзі, дзякуючы якім мы можам разумець прыгажосць нашай калыскі — нашай мовы, і з гонарам можна сказаць, што беларуская мова не забываецца, не губляецца і канец яе нельга будзе прадказаць ні цераз сотні, ні цераз тысячы гадоў.
Аляксандра Нупрэйчык, 9-2 клас.
Добавить комментарий