Наверх

У чароўным падарожжы пабывалі вучні баранавiцкай школы ў Дзень беларускага пісьменства

4.09.2017 нет комментариев 650 Наш край

Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня. Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. У гэтым годзе кола замкнулася: у 2017-м сталіца свята, прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання,— старажытны Полацк — родны горад беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны (даведка: у 1994 годзе святочныя мерапрыемствы таксама адбыліся ў старажытным Полацку).

Не ва ўсіх была магчымасць наведаць святочныя мерапрыемствы ў Полацку, але ва ўсіх настаўнікаў, бацькоў, вучняў ёсць усе умовы, каб асабістымі намаганнямі стварыць атмасферу свята ў сценах роднай школы, каб гучала, біла крыніцай магутнае слова Скарыны. Гэта добра разумелі вучні і настаўнікі нашай школы, таму 2 верасня школа па-святочнаму сустракала сваіх выхаванцаў. І з першага прыступку яны адправіліся ў чароўнае падарожжа.

Першай станцыяй для нашага штучнага «жывога» цягніка стала станцыя «Гістарычная». Мультымедыйная прэзентацыя, якая суправаджалася шыкоўным каментарыем на беларускай мове, паведаміла вучням пра гісторыю нацыянальнага свята. Далей вучняў чакаў прагляд відэароліка «500 год гісторыі беларускага кнігадрукавання». 

Беларуская мова загучала з кожнага вучэбнага кабінета, тут працавалі станцыі: «Славутыя імёны Бацькаўшчыны», «Як ты сэрцу майму міла, Беларусь», фальклорная, перакладная. Вучні прадэманстравалі свой узровень кемлівасці, ведаў: разгадвалі загадкі, прыгадвалі беларускія прыказкі, прымаўкі. Была ў іх магчымасць паслухаць і з вялікім імпэтам паспяваць беларускія народныя песні. «Музычная» станцыя ўладкавалася ва ўнутраным дворыку школы.

Праехаў штучны «жывы» цягнічок ад адной станцыі да другой шмат разоў, іскрыліся радасцю вочы, не знікалі ўсмешкі, і ў гэтай святочнай віхуры нараджалася думка: «Беларускае слова жыве! Рызыкаваў Ф. Скарына, плённа працаваў нездарма».

Цілімкалі весела колы цягніка, весялосць, спагада напаўнялі сэрца…

Віншуем усіх з Днём беларускага пісьменства, жадаем чытальнікам газеты «Наш край» усяго самага добрага і самага найлепшага, душэўнай чысціні, якая ўвасоблена ў залацінках беларускага слова.

Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 г. Баранавічы.

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *