Наверх

Юбілейны вечар паэтаў Алены і Аляксея Белых адбыўся ў баранавіцкай гарадской бібліятэцы

26.12.2017 Комментариев нет 790 Наш край

У цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая стала добрай традыцыяй сустракацца падчас літаратурных вечароў баранавіцкіх творцаў. Сёлетні год выдаўся багатым на такія сустрэчы. Значнай падзеяй стала прэзентацыя зборніка 33 баранавіцкіх паэтаў і пісьменнікаў «Крыніца дабрыні»; юбілеі ў сцянах залы галіновай літаратуры адзначылі Раіса Раманчук і Людміла Шувалава; падчас літаратурных прэзентацый госці бібліятэкі маглі пазнаёміцца з новымі кнігамі Вячаслава Хвайніцкага і Таццяны Яцук; прайшлі вечары памяці Анатоля Станкевіча і Віктара Дулуба. Прыгожым «літаратурным» завяршэннем года стаў юбілейны вечар «Пад дахам правінцыйнай цішыні» паэтаў Алены і Аляксея Белых.

Так склаўся лёс, што ўжо 15 гадоў Алена Іванаўна і Аляксей Ільіч ідуць па жыцці разам. У іх шмат агульнага: нарадзіліся ў снежні (з розніцай у 5 гадоў), абое любяць вандраваць і сузіраць новае. Але самае галоўнае – гэта любоў да Слова. Кожны з іх ішоў сваёй дарогай да паэзіі, знаходзіў незвычайныя спалучэнні звычайных слоў, каб выказаць свае пачуцці і ўражанні.

Кажуць, што таленавітыя людзі таленавітыя ва ўсім. Гэтае выказванне ў поўнай меры пацвяржае сям’я Белых. Аляксей Ільіч – паэт, пісьменнік, журналіст, захапляецца жывапісам. Алена Іванаўна – прафесар, выкладчык, літаратуразнаўца, паэтка. Хоць яна часта сціпла сцвярджае: «Які я паэт, я – вучоны». Але з гэтым ніяк нельга пагадзіцца. Пацвярджэнне таму – хвалюючая «Кніга жонкі паэта».

Каб павіншаваць Алену Іванаўну і Аляксея Ільіча, 22 снежня ў бібліятэцы сабраліся родныя і блізкія, сябры, супрацоўнікі, студэнты, калегі па пяру. Вядучыя юбілейнага вечара Ірына Дрэкоўская і Ірына Лукашова прапанавалі прысутным «прайсціся па жыццёвых і творчых сцежках» юбіляраў, выказалі свае віншаванні ў выглядзе відэапрэзентацый. Выстава «Адчуць радок і вобраз» прадставіла шматгранную творчасць спадароў Белых: ад паэзіі да маляўнічых карцін. Вечар атрымаўся па-сапраўднаму цёплым і па-сяброўску ўтульным, напоўненым шчырымі словамі, песнямі і, канешне ж, паэзіяй.

 

Даведка

Алена Іванаўна Белая нарадзілася 9 снежня 1957 г. у в. Чырвоны Беражок Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1974 годзе з залатым медалём скончыла Жыліцкую сярэднюю школу Кіраўскага раёна. У 1979 годзе скончыла Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Аркадзя Куляшова па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура» (дыплом з адзнакай). З 1980 па 1992 год жыла і працавала настаўніцай у г. Слоніме. У 1992 годзе пераехала ў Баранавічы і да 1995-га працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі № 1. У 1995-м пачала працаваць ў Баранавіцкім педагагічным каледжы, які ў 2004 годзе быў рэарганізаваны ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт.

З 1994 па 1998 год вучылася ў аспірантуры Нацыянальнага інстытута адукацыі.

У 2000 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме «Фарміраванне гістарычнай свядомасці школьнікаў у працэсе вывучэння твораў Уладзіміра Караткевіча».

Зараз з’яўляецца дацэнтам кафедры філалогіі і методыкі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта і дактарантам кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Аўтар навукова-метадычных артыкулаў, якія друкаваліся ў часопісах «Беларуская мова і літаратура», «Народная асвета», «Роднае слова». У 2008 годзе быў надрукаваны яе літаратурна-крытычны артыкул у часопісе «Нёман».

Увесь час цікавіцца і займаецца літаратурнай творчасцю. У 90-я гады яе апавяданні і эсэ друкаваліся ў газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда», «Сям’я». У 2006 годзе выйшла кніга паэзіі Алены Белай пад назвай «Кніга жонкі паэта». Выйшла ў свет навуковая манаграфія «Абрысы роднага. Нацыянальныя локусы культуры ў беларускай прозе «эпохі рубяжа».

Аляксей Ільіч Белы нарадзіўся 20 снежня 1952 года ў вёсцы Міхнавічы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння школы паступіў у марскую вучэльню ў карэльскім пасёлку Піндушы, працаваў матросам на цеплаходзе. Пасля службы ў войску вярнуўся ў Беларусь. Працаваў памочнікам капітана на цеплаходзе, вадзіў судны па рэках Беларусі. З 1977 года жыве ў Баранавічах. Працаваў слесарам, майстрам, карэспандэнтам, рэдактарам газеты «Тэкстыльшчык» Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб’яднання, галоўным рэдактарам рэгіянальнай газеты «Шаг», намеснікам дырэктара Выдавецкага дома «Інтэкс-прэс». Скончыў Гомельскі політэхнікум, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, Кіеўскі інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, Саюза беларускіх пісьменнікаў. Стаў першым жыхаром горада Баранавічы, прынятым у Беларускі ПЭН-цэнтр – рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне прафесійных літаратараў.

Першыя вершы былі надрукаваны ў 1971 годзе ў адной з газет на Поўначы. З’яўляецца аўтарам шасці паэтычных зборнікаў: «Тридцать второе августа» (1994), «Невольничьи песни» (1997), «Каляровыя сны» (1999), «Боскі вецер правінцыі» (2002), «Кветкі ў стагах» (2010), «Прыватны сектар» (2013) і кнігі эсэ-ўспамінаў «Ад Грыўды да Гандвіка» (2015). Друкуецца ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях, шматлікіх паэтычных сборніках.

Кіпель Надзея, загадчык залы галіновай літаратуры цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая.

Фота Вольгі Тугавай.

0

Также на нашем сайте

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *