Наверх

У Баранавіцкім раёне прайшоў баскетбольны турнір у гонар памяці загінуўшага воіна-інтэрнацыяналіста Сцяпана Богуша

16.02.2018 нет комментариев 595 Наш край

У снежні 1979 года ў Дэмакратычную Рэспубліку Афганістан быў уведзены абмежаваны кантынгент савецкіх войск. Згодна афіцыйным дадзеным, службу ў яго радах прайшлі 620 тысяч чалавек. Вайна забрала жыцці амаль 15 тысяч савецкіх людзей. Ваенны канфлікт працягваўся амаль 10 гадоў ‒ да 15 лютага 1989 года. У ліку воінаў ‒ абаронцаў Афганістана былі тры выпускнікі Уцёскай СШ.

С.С. Богуш быў прызваны ў армію ў лістападзе 1982 года. Уся армейская служба юнака ўмясцілася ў няпоўныя 3 месяцы. У час аднаго з рэйсаў калону машын, дзе адным з вадзіцеляў быў Сцяпан, абстралялі душманы. 25 студзеня 1983 года было апошнім днём у жыцці Сцяпана Богуша.

Нарадзіўся ён у аднаіменнай з яго прозвішчам вёсцы Багушы, у простай сялянская сям’і. Як і ўсе вясковыя хлапчукі, з дзяцінства дапамагаў бацькам па гаспадарцы, вудзіў рыбу на Мышанцы, бегаў у лес па грыбы, любіў у мяч пагуляць. Лёсам было юнаку наканавана апынуцца ў далёкім Афганістане.

Пахаваны С.С. Богуш на вясковых могілках у роднай вёсцы.

Па ініцыятыве дырэктара Уцёскай сярэдняй школы М.С. Гойліка, які быў класным кіраўніком Сцёпы, у 2005 годзе на базе школы быў праведзены першы турнір па баскетболе сярод вучняў Уцёскай, Мілавідскай, Мірнаўскай, Ястрамбельскай і Ляснянскай школ у гонар памяці загінуўшага воіна-інтэрнацыяналіста, выпускніка школы С.С. Богуша.

Пазней, у 2009 годзе, з нагоды 20-годдзя вываду войск з Афганістана, у школе была адкрыта экспазіцыйная зала музея «Памяць Афганістана», матэрыялы якой расказваюць пра 15 загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў Баранавіцкага краю.

Аповед пра Сцёпу змясціўся ў некалькіх пісьмах з далёкай афганскай зямлі да сваіх родных і адзінай фотакартцы пры прыёме ім воінскай прысягі.

Сёлета спартыўны турнір па баскетболе ў гонар памяці С.С. Богуша праводзіўся ў 14-ы раз як напамін сённяшнім юнакам і дзяўчатам пра воіна-земляка, які пачэсна выканаў свой службовы абавязак.

Тры гады назад эстафету яго правядзення прыняла на сябе Мірнаўская дзіцячы сад ‒ сярэдняя школа. Актыўны ўдзел у правядзенні турніру прымаюць аддзел адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага райвыканкама, раённы прафсаюз работнікаў АПК, арганізацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў Баранавіцкага раёна, Баранавіцкая раённая арганізацыя «Белая Русь», ГА «БРСМ».

Сёлета за кубак спаборнічалі каманды Мірнаўскай, Ляснянскай, Жамчужнінскай сярэдніх школ і каманда ДУА «Брэсцкае абласное кадэцкае вучылішча».

Перамогу атрымала каманда Брэсцкага абласнога кадэцкага вучылішча, на другім месцы ‒ каманда Мірнаўскай дз/с-СШ, на трэцім ‒ каманда Ляснянскай СШ.

Мірнаўская дз/с-СШ.

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *