Наверх

Знакамітыя землякі Баранавіччыны. Мацей Радзівіл з Паланечкі

12.02.2018 нет комментариев 66 Наш край

Знакаміты зямляк з Паланечкі

Працягваем аповед пра знакамітых землякоў, хто сваім талентам праславіў Баранавіцкі край.

Мацей Радзівіл (1749–1800 гады жыцця) – дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, кампазітар і драматург. У спадчынных маёнтках у Паланечцы ён правёў сталыя гады свайго жыцця і напісаў тут творы, якія сталі вядомымі.

Нарадзіўся Мацей Радзівіл у Нясвіжы. Калі хлопчыку было два гады, яго айчымам стаў Міхал Радзівіл Рыбанька. У рэзідэнцыі магната Мацей атрымаў бліскучую адукацыю, палюбіў тэатр і музыку, быў далучаны да балету, пазнаёміўся з ідэямі французскіх асветнікаў, асабліва захапляўся творамі Русо.

Пасля смерці маці Мацей Радзівіл атрымаў спадчынныя маёнткі ў Паланечцы і Крашыне. Паланечку зрабіў сваёй рэзідэнцыяй і пераехаў сюды ў 1773 годзе на сталае жыццё.

Новы ўладальнік Паланечкі пачаў тут будаваць паркава-палацавы комплекс, які ўражваў сваёй веліччу і незвычайным хараством усіх, хто трапляў сюды. У ХVІІІ стагоддзі Паланечка была адным з важнейшых асяродкаў культуры на Наваградчыне. Тут збіраліся творчая інтэлігенцыя, вучоныя, грамадскія дзеячы. У парку ладзіліся канцэрты, у пакоях палаца вяліся дыскусіі па розных пытаннях жыцця ў Вялікім княстве Літоўскім, гучалі мастацкія творы.

Мацей Радзівіл вызначаўся незвычайнай гасціннасцю. Паланэзы, санаты, серэнады, мазуркі гаспадара Паланечкі любілі яго сучаснікі. Пяру Мацея Радзівіла належыць лібрэта да дзвюх опер: «Агатка, ці Прыезд пана» (1784 г.) і «Войт альбанскага сяла» (1786 г.). Яны пісаліся для Нясвіжскага тэатра. Музыку да твораў напісаў Я.Д. Голанд. «Агатцы» належыць адметнае месца ў гісторыі музычнай культуры Беларусі як першай оперы. Яе з цікавасцю слухалі варшавяне, дзе опера ішла восем разоў узапар, а таксама ў Любліне, Львове, Вільні. У рэпертуары Варшаўскага тэатра яна пратрымалася да 1820 года, а ў Познані ставілася яшчэ і ў 1826 годзе. Поспех «Агаткі» быў творчым стымулам Мацею Радзівілу для напісання лібрэта «Войт альбанскага сяла», адрасаванай К.С. Радзівілу да яго імянінаў.

Пераезд Мацея Радзівіла ў Паланечку прыпадае на цяжкі для радзімы час. Пачаліся падзелы Рэчы Паспалітай, набліжалася яе дзяржаўная катастрофа. Мацей Радзівіл не мог заняць нейтральную пазіцыю. Ён імкнуўся ўратаваць дзяржаву, не шкадуючы ні сябе, ні сродкаў. У распараджэнне Вялікага княства Літоўскага аддаваў свае маёнткі і арсеналы, уласную паліцыю, прыняў непасрэдны ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Прыйшоў у паўстанцкія атрады ра-зам са сваімі сялянамі, якіх вызваліў ад прыгону. Пасля задушэння паўстання выехаў у Галіцыю, дзе пражыў каля года. Вярнуўся на радзіму, атрымаў у спадчыну ад брата яго маёнткі ў Польшчы. Дажываў апошнія гады ў любай яму Паланечцы.

Анатоль Крэйдзіч, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі.

На радзіме праз стагоддзі

Палац – напамін пра мінулае

Вёска Паланечка Баранавіцкага раёна адносіцца да Вольнаўскага сельвыканкама, пражывае тут 448 жыхароў, сярод якіх 265 чалавек працаздольнага ўзросту і 53 дзіцяці.

Імя Мацея Радзівіла ў жыхароў Паланечкі і суседніх мясцін адразу ж выклікае асацыяцыю з панскім маёнткам. Так людзі называюць былы палац Радзівілаў, будынак якога знаходзіцца на Цэнтральнай вуліцы вёскі. Да 1999 года тут размяшчалася школа. Многія з тых, з кім нам давялося пагутарыць, вучыліся менавіта ў ёй. – У першы клас я пайшла ў гэтую школу ў 1985 годзе, – расказвае Наталля Ібрагімава, выконваючая абавязкі старшыні Вольнаўскага сельвыканкама. – Тады я не ўсведамляла, што вучуся ў такім асаблівым месцы – сапраўдным палацы, і мае аднакласнікі пра гэта не думалі. Ужо цяпер, калі сталі дарослымі, зразумелі ўсю каштоўнасць мінулага.

– Памятаю, калі школу нашу закрылі на рамонт, – успамінае адзін з мясцовых жыхароў. – З таго часу будынак пачаў прыходзіць у стан запусцення.

У 2013 годзе рашэннем Баранавіцкага райвыканкама палац Радзівілаў выставілі на аўкцыённыя таргі. 25 сакавіка 2014 года па выніках аўкцыёна ўладальнікам будынка стала таварыства з абмежаванай адказнасцю з Мінска, гісторыка-культурная каштоўнасць была ацэнена амаль у 533 мільёны недэнамініраваных рублёў. Але свой набытак новы ўласнік да канца не аплаціў, і будынак вярнуўся ва ўласнасць Баранавіцкага райвыканкама. Пасля гэтага яшчэ пяць разоў праходзілі аўкцыёны па продажы будынка палаца Радзівілаў. Яго кошт паніжаўся, на апошнім аўкцыёне ён саставіў 19 210,72 рублёў.

– Унутры будынка захавалася абліцовачная плітка XIX стагоддзя, – распавядае Кацярына Казлова, якая нарадзілася ў Паланечцы. Іх хата размяшчалася якраз непадалёку ад палаца. Сёння Кацярына прафесіянальны экскурсавод, працуе ў Нясвіжскім замку.

Нескладана здагадацца, адкуль такая зацікаўленасць гісторыяй роднай краіны.

– У дзяцінстве я многае чула ад мясцовых жыхароў, у тым ліку ад тых, якія ў пасляваенны час жылі ў будынку палаца, – працягвае свой аповед Кацярына. – Яны гаварылі, што пад палацам захаваліся падземныя пераходы. Пазней, калі там пачалі гуляць і прападаць дзеці, пераходы засыпалі зямлёй. Расказвалі і пра багатую бібліятэку Радзівілаў.

Сёння мясцовыя жыхары добра ведаюць, каму яны абавязаны вядомасцю сваёй малой радзімы. Турбуе іх і лёс будынка. Калі імя славутага земляка стагоддзямі можа жыць у памяці нашчадкаў, то будынак без пэўнага дагляду час не шкадуе.

Таццяна КАРПІК.
Фота аўтара.

Комментарии

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *