Наверх

24 снежня адзначаецца 220-годдзе з дня нараджэння Адама Міцкевіча

24.12.2018 нет комментариев 174 Наш край
На малюнку Напалеона Орды – дом у Завоссі, свіран, студня-журавель, абора, гумно, а за імі пагоркі і гара Жарновая

Сталовіцкі край Баранавіцкага раёна даў свету  нямала таленавітых людзей. Сярод іх і геніяльны паэт Адам Міцкевіч.

Амаль 220 гадоў таму, 24 снежня 1798 года, у сціплым шляхецкім дворыку ваколіцы Завоссе, што за 40 кіламетраў на поўдзень ад Навагрудка, Барбара з Маеўскіх, жонка Мікалая Міцкевіча, нарадзіла другога сына – Адама Бернарда Міцкевіча.

Двор у Завоссі, пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, падчас нараджэння будучага паэта належаў дзядзькам Мікалая Міцкевіча.

Бацька паэта, Мікалай Міцкевіч, атрымаў у спадчыну частку фальварка Завоссе і права кіравання ўсім маёнткам.

За доўгія два стагоддзі многае змянілася ў Завоссі. Маёнтак пераходзіў ад аднаго гаспадара да другога, штосьці разбуралася ад часу, штосьці было спалена.
У 1921 годзе фальварка ўжо не існавала: месца было пустое, ад сядзібы засталося некалькі здзічэлых дуплаватых дрэў з саду ды векавая ліпа, зваленая бурай.
Аднаўленнем фальварка займаліся ў часы, калі Заходняя частка Беларусі была пад уладай Польшчы.

11 лістапада 1927 года мясцовымі і ваяводскімі ўладамі тут быў устаноўлены, а ў 1955 годзе адноўлены помнік-абеліск. На абеліску была замацавана пліта з барэльефам пісьменніка і надпісам: «Тут, у Завоссі, 24 снежня 1798 года нарадзіўся вялікі паэт Адам Міцкевіч». Абеліск да нашых дзён не захаваўся, але ў музеі засталіся яго фотаздымак і малюнак, якія прынеслі ў музей мясцовыя жыхары.

На пачатку 1990-х гадоў было вырашана аднавіць сядзібу ў Завоссі і адчыніць у ёй музей паэта Адама Міцкевіча.

Дом Міцкевічаў у Завоссі мае характэрны для шляхецкіх двароў выгляд.

Звычайна прамавугольны дом шырокія сені дзялілі на дзве паловы: першую – жыллёвую, другую – гаспадарчую, дзе былі кухня і камора.

У гаспадарчай частцы дома, дзе жылі работнікі, стаяла такая ж мэбля, як у вясковай хаце.

Частка пакояў не мела печаў і ўзімку не выкарыстоўвалася. Печы рабілі такім чынам, каб ацяпляць два пакоі.

У кухні была вялікая печ, у якой, акрамя прыгатавання штодзённай ежы, пяклі хлеб, сушылі на зіму ягады, грыбы. Паблізу кухні звычайна рабілі склеп. Там захоўваліся кубельцы з салам, бочкі з кіслаю капустаю, агуркамі.

Сядзіба адносілася да дробнапамеснага роду і ўяўляла сабою традыцыйны фальварак з наборам драўляных пабудоў, у які ўваходзілі гаспадарскі дамок, лямус, свіран. Уся сядзіба была акружана плотам з жэрдак.

Лямус – традыцыйная сялянская гаспадарчая пабудова ў выглядзе звычайнага двух’яруснага зруба, дзе захоўвалі гаспадарчыя прылады, збожжа, хар-човыя прыпасы. У гэтым маленькім шляхецкім дворыку пясняр у юнацтве праводзіў амаль усе канікулы ў сваёй цёткі. У гэтым пакойчыку на другім паверсе лямуса ён заўсёды з ахвотаю сядзеў і ўглядаўся ў цудоўныя ваколіцы засценка, «збіраючы фарбы для вобразаў», якія ў будучым з любоўю, як ніхто іншы, меўся намаляваць. З гэтых аконцаў цудоўна глядзіцца Жарновая гара, самая высокая ва ўсёй ваколіцы, якая па форме сваёй нагадвае велізарныя млынавыя жорны.

Да сёння з часоў паэта захаваліся толькі старая без верхавіны ліпа ды невялікая сажалка.

У 1998 годзе фальварак быў поўнасцю рэканструяваны. З таго часу ў ім працуе музей-сядзіба Адама Міцкевіча.

Зараз новая хата стаіць менавіта на тым месцы, што і старажытная пабудова. Цяпер музей выглядае як шляхецкая сядзіба XVIII стагоддзя.

Трэба адзначыць, што сядзіба гэтая адноўлена проста цудоўна. Пры аднаўленні не выкарыстоўвалася сучасных будаўнічых матэрыялаў, тут нават дах саламяны.
Менавіта ў гэты музей трэба ехаць, калі вы хочаце ўявіць, як выглядала жыццё і побыт дробнай шляхты ў канцы XVIII стагоддзя. Акрамя знешняга аблічча будынкаў, у сядзібе Адама Міцкевіча ў вёсцы Завоссе вельмі добра адноўлены і інтэр’еры, якія таксама перадаюць атмасферу XVIII стагоддзя. Унутры сядзібы можна ўбачыць мноства прадметаў даўніны, а ўнутры іншых пабудоў розныя гаспадарчыя прылады адпаведнай эпохі.

Абавязкова наведайце гэты цудоўны куток, узяўшы з сабою кнігу з творамі Адама Міцкевіча, такімі, як «Пан Тадэвуш» або «Гражына».

Выдатнай атмасферы, што пануе ў музеі-сядзібе ў Завоссі, спрыяе ціхамірнасць гэтых месцаў, прыгажосць прыроды і свежае паветра. Акрамя таго, вёска знаходзіцца менш, чым у 20 кіламетрах ад асноўнай магістралі краіны – трасы Брэст – Мінск. Да вёскі Сталовічы – 3 км. Таму заехаць сюды вельмі лёгка. І ў гэтым сапраўды ёсць сэнс: уражанні і ўспаміны ў наведвальнікаў застануцца толькі станоўчыя.

Марыя Гапонік, вучаніца Сталовіцкай сярэдняй школы.
Іна Несцяровіч, настаўнік гісторыі.

Обсуждения закрыты для данной страницы