Наверх

Пятыя Корнеўскія чытанні прайшлі ў Баранавіцкім раёне

14.04.2024 476 Наш край

chytanni- (1).jpgЗдаецца, самай значнай адзнакай годнасці чалавечага жыцця з’яўляецца памяць аб ім яго нашчадкаў. Канешне, кожны з нас пакідае свой след на гэтай зямлі. Светлы вобраз аднаго чалавека застанецца ў памяці дзяцей і ўнукаў, другога будуць памятаць як таленавітага творцу ці адданага сваёй справе дзеяча. Але ёсць сярод нас людзі, якія сваім талентам, адносінамі да людзей і працы заслужылі не толькі добрую памяць родных, але і шчырую ўдзячнасць ўсіх прыхільнікаў іх літаратурнага дару. Менавіта такім людзям былі прысвечаны V Корнеўскія чытанні «Вашы зоркі не згаснуць ніколі», што ў чарговы раз прайшлі на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яна Чачота.  Дарэчы, гэты праект атрымаў падтрымку з боку Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Асноўным ініцыятарам іх правядзення стала Раіса Раманчук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў, кіраўнік літаратурна-музычнай гасцёўні «Крыніца», якая дзейнічае на базе галоўнай бібліятэкі раёна. Дзякуючы Раiсе Раманчук зноў сабралiся ў Новай Мышы не толькі прыхільнікi літаратурнага слова, але таксама блізкія і родныя майстроў паэтычнага слова Баранавіччыны: Алеся Корнева, Клаўдзіі Трысцень, Івана Монціка і Анастасіі Жук.

Успаміны… Яны пяшчотнай крыніцай ліліся на працягу ўсяго мерапрыемства. З якою цеплыней і павагай гаварылі сын Вадзім, унук Мірон, Марыя Філіпава, Валянціна Бернат і Ніна Бабравіцкая аб Алесю Корневе. З якой любоўю успамінала Анастасію Жук яе дачка Ірына і сябра па пяру Галіна Ліс. З якой пяшчотай адзывалася аб Клаўдзіі Трысцень яе сяброўка Ніна Лешчанка. З якой павагай успамінала аб Іване Монціку яго калега Інна Афанасік.

chytanni- (5).jpg

chytanni--(3).jpg

chytanni--(6).jpgСловы… Колькі вершаў – непаўторных, лірычных, жартоўных, а галоўнае – шчырых, гучала на працягу мерапрыемства! Яны, а таксама музычныя нумары ў выкананні народнага вакальнага ансамбля «Primavera» стваралі той самы творчы і сардэчны настрой, што заўжды пануе на сустрэчах таленавітых людзей. На працягу мерапрыемства дэманстравалiся i музычныя вiдэазапiсы Алiны Галiцкай, пранiзаныя павагай да роднага краю.

chytanni--(8).jpg

chytanni--(11).jpgПамяць… Яна бывае розная. Мы памятаем добрыя і сумныя моманты свайго жыцця, людзей, якія тым ці іншым чынам прысутнічалі на нашым жыццёвым шляху. Мы памятаем тых, каго, на жаль, ужо няма побач. І як важна зберагчы гэтую памяць пра людзей, якія нягледзячы на выпрабаванні лёсу здолелі зберагчы ў сэрцы чалавечнасць, а на паперы пакінуць часцінку сваёй душы. Таму, хочацца верыць, што Корнеўскія чытанні будуць працягваць сваю пачэсную справу захавання памяці аб лепшых прадстаўніках Баранавіцкага рэгiёна.

chytanni- (2).jpgСвятлана КРОПАТАВА, загадчык аддзялення выдавецкай дзейнасці ЦРБ імя Яна Чачота




  • Мы в социальных сетях: